MovaMed
162 subscribers
24 photos
5 files
26 links
Ініцыятыва для пашырэння выкарыстання беларускай мовы ў медыцыне.
Пішыце ў бот: @MovaMedBot
Download Telegram
ЗДАРОЎЕ — абсалютная каштоўнасьць у беларускай мове. Слова ад кораня дрэва/дзерава — гатовы магічны эпітэт-параўнаньне у адным слове.
Здаровага чалавека параўноўваюць з дубам, з быком і мітычным турам, зь вялікімі стыхіямі: „Будзь здаровы, як вада, багаты, як зямля!“
У беларускім традыцыйным этыкеце — усюды зычэньні здароўя: у вітаньнях (чалом-здароў!), у разьвітаньнях (бывайце здаровы!), у small talks (як жыў-дуж?).
Здароўе — лідэр першай тройкі народных каштоўнасьцяў у сьвяточных зычэньнях і тостах: На здароўе нам, на злосьць варагáм!
Маем запамінальныя дзеясловы для паправунку — адужаць, паправіцца, акрыяць, ачуняць.
Падрабязна: https://svb1234.azureedge.net/a/30530056.html
KavidnayaUliotka.pdf
510.4 KB
#covidfree
#COVID19

📍Зрабі прышчэпку
📍Раздрукуй і распаўсюдзь улётку
📍Заставайся дома і вучы беларускую мову
📍Рабі, як нашыя славутыя лекары - насі маску!
Яўген Уладзіміравіч Клумаў (1878 - 1944) - доктар-гуманіст і герой-падпольшчык, чыё імя сёння носіць 3-я гарадскі клінічны шпіталь, а таксама вуліца і сквер у сталіцы Беларусі. Прафесар кафедры акушэрства і гінекалогіі Мінскага медычнага інстытута.

У ліку першых земскіх лекараў арганізаваў на тэрыторыі Беларусі стацыянарную хірургічную дапамогу ва ўмовах участковага шпіталя.

З 1921 года Яўген Клумаў стала працуе ў тым жа шпіталі, што сёння носіць ягонае імя. Менавіта тут мясцілася база для падрыхтоўкі лекараў медфака БДУ, з 1930-га ў бальніцы практыкавалі і навучаліся прафесары і студэнты Мінскага медінстытута. Тут працавалі тагачасныя выдатныя вучоныя-медыкі: афтальмолаг Сямён Камінскі, тэрапеўт Сяргей Мелкіх, хірург Юрый Іргер і іншыя. Яўген Клумаў сярод іх - бясспрэчны аўтарытэт.

У гады Другой Сусветнай вайны быў актыўным ўдзельнікам мінскага падпольнага руху. Праз Клумава - ён быў вядомы партызанам пад псеўданімам Самарын - ішлі ў лес медыкаменты, бінты, хірургічныя інструменты. Пад наглядам і кіраўніцтвам Клумава былі разгорнутыя два палявыя шпіталі ў лясах.

У 1943 годзе его выдаў немцам правакатар. У канцлагеры Трасцянец, куды прывезлі сям'ю Клумавых, іх адразу ж пазналі. Лагернае начальства прапаноўвала яму выехаць у Германію, каб працягваць там лекаваць. Клумаў адмовіўся.
Доктар Клумаў загінуў 13 лютага 1944 года у газавай камеры разам з жонкай у лагеры смерці "Малы Трасцянец".

Земскі лекар Яўген Клумаў стаў правобразам доктара Савіча ў знакамітым рамане Івана Шамякіна "Сэрца на далоні".
Мікалай Яўсеевіч Саўчанка (1922-2001) - беларускі уролаг, акадэмік НАНБ, доктар медычных навук, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, прафесар. Міністр аховы здароўя БССР (1966-1986).

Сялянскі сын, ураджэнец Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці. 15-гадовым хлопцам паступіў у Мінскі медычны інстытут, а ў 1941, будучы студэнтам 3-га курса, пайшоў на фронт санінструктарам.

Пасля вучобы ў ад'юнктуры кафедры уралогіі Ленінградскай ваенна-медычнай акадэміі (1951-1954) і абароны кандыдацкай дысертацыі спецыялізаваўся ў галіне уралогіі.

Мікалай Яўсеевіч стаў ініцыятарам стварэння і кіраўніком Беларускага цэнтра нефралогіі і трансплантацыі нырак, дзе ў 1970 годзе была выканана першая ў Беларусі перасадка ныркі. Укараніў у практыку і ўдасканаліў асобныя хірургічныя прыёмы перасадкі нырак. Упершыню ў СССР распрацаваў хірургічныя метады карэкцыі пола пры гермафрадытызме.

Аўтарытэт беларускай уралогіі і асабіста Саўчанкі быў у тыя гады настолькі высокі, што штогадовыя ўсесаюзныя канферэнцыі уролагаў збіраліся менавіта ў Мінску. Кафедра ўралогіі і нефралогіі Мінскага медінстытута стала галаўной установай у СССР па лячэнні прыроджаных анамалій мочапалавых органаў.


За 20 гадоў працы на пасадзе міністра аховы здароўя рэспубліка выйшла на перадавыя пазіцыі ў СССР па развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы, падрыхтоўцы і укамплектаванню медыцынскімі кадрамі, паказчыках здароўя насельніцтва і дзейнасці лячэбна-прафілактычных устаноў. Належнае развіццё атрымала медычная навука - адкрыты шэраг новых навукова-даследчых інстытутаў.

Аўтар больш за 300 навуковых прац, у т.л. 11 манаграфій і 9 вынаходстваў.

4-ы Мінскі клінічны шпіталь носіць імя Мікалая Яўсеевіча Саўчанкі, заснавальніка беларускай уралогіі.
Якуб Атонавіч Наркевіч-Ёдка (1848-1905) – адзін з самых яркіх прадстаўнікоў беларускай навуковай думкі другой паловы XIX - пачатку XX ст., чые даследаванні апярэдзілі свой час. Доктар медыцыны, прафесар, член-карэспандэнт Рускага геаграфічнага таварыства. Яго навуковыя інтарэсы ахоплівалі галіны медыцыны і прыродазнаўства. Іх асаблівасцю быў універсалізм. Усебаковы знаўца таемнасцей электрычнасці, ён зрабіў шэраг выдатных адкрыццяў. Вынайшаў спосаб бесправадной перадачы і прыёму электрамагнітных хваляў на адлегласці (першы ў свеце правобраз радыёпрыёмніка, 1891), але не запатэнтаваў вынаходніцтва. Існуе дакумент, які пацвярджае прыярытэт Я. Наркевіча-Ёдкі ў гэтым вынаходніцтве - пратакол паседжання Французскага фізічнага таварыства ў Парыжы (1898).
Апроч таго, зрабіў значныя адкрыцці ў галіне метэаралогіі, за што ўзнагароджаны сярэбраным медалём Рускага геаграфічнага таварыства.

Нарадзіўся ў Менскай губерніі, паходзіў са старажытнага шляхецкага роду Наркевічаў-Ёдкаў гербу "Ліс". Нашчадак у тым ліку роду Касцюшкаў па матчынай лініі. Скончыў Менскую гімназію (1865), працягваў навучанне ў Парыжы, Фларэнцыі, Вене. Асноўная навуковая дзейнасць вучонага праходзіла ў яго радавым маёнтку Наднёман. Тут была створана метэаралагічная станцыя, якая ўваходзіла ў склад Галоўнай фізічнай абсерваторыі Расіі.

Якуб Атонавіч быў таксама выдатным урачом. Ён даказаў, што з дапамогай электраграфіі можна вызначыць псіха- і фізіялагічны стан чалавека і ўдала выкарыстоўваў яе для дыягностыкі хвароб і лячэння захворванняў. За гэта адкрыццё ў 1900 г. магнетычная секцыя Міжнароднага кангрэса ў Парыжы абрала Я. Наркевіча-Ёдку сваім прэзідэнтам, і яму было прысвоена званне прафесара электраграфіі і магнетызму.

У 1892 годзе ён адкрыў у Наднёмане аднайменны санаторый. Тут практыкаваліся самыя перадавыя метады аздараўлення: лячэбныя ванны, спецыяльная гімнастыка, мінеральныя воды, дыетычнае харчаванне. А галоўнае - электратэрапія і электрамасаж, распрацаваныя і запатэнтаваныя самім Наркевічам-Ёдкам, якія выкарыстоўваліся для спаралізаваных і нервова-хворых.

У 1896 годзе ў санаторыі адкрылася кумыса-лячэбная ўстанова, дзе пад кіраўніцтвам лекара памочнікі з Башкірыі гатавалі для пацыентаў карысны для здароўя кумыс.

У тыя часы на тэрыторыі сучаснай Беларусі лютавалі сухоты, лячэнне якіх стала адным з асноўных кірункаў медычных пошукаў навукоўца. У санаторый "Наднёман" з'язджаліся хворыя на сухоты забяспечаныя людзі з усёй Еўропы. Яны жылі ў асобных будынках, кожны - на аднаго пацыента, у светлым сасновым лесе. Паблізу былі адкрыты крыніцы мінеральнай вады, цяпер побач з імі месціцца санаторый Пад'ельнікі.

Пасля рэвалюцыі 1917 г. у маёнтку у Наднёмане размяшчалася школа механізатараў, частку пабудоў разабралі на будаўнічы матэрыял. Навуковае абсталяванне вывезлі. Да 1941 г. тут мясціўся дзіцячы санаторый. Падчас вайны партызаны ўзарвалі палац. А ў 1995 г. рухнула вежа, дзе знаходзілася метэралагічная станцыя.

Рэшткі сядзібы і санаторыя знаходзяцца ў вёсцы Наднёман, Уздзенскі раён, Менская вобласць, 84 км ад Менску.
Мікалай Мікалаевіч Аляксандраў (1917-1981) - доктар медычных навук, прафесар, член-карэспандэнт АМН СССР. Заснавальнік анкалагічнай службы ў Беларусі.

Нарадзіўся ў Бранску. Скончыў Ваенна-медычную Акадэмію ў Ленінградзе, дзе і працаваў да дэмабілізацыі. У якасці ваеннага лекара ўдзельнічаў у савецка-фінляндскай і Вялікай Айчыннай войнах. Прайшоў шлях ад хірурга да начальніка гарнізоннага шпіталя. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I ступені, свабоды і незалежнасці КНДР.

Днём народзінаў Беларускага НДІ АМР лічыцца 3 верасня 1960 г., калі быў падпісаны першы загад па Інстытуту яго першым дырэктарам. Заснавальнік Інстытута М.М. Аляксандраў узначальваў яго цягам 21 года, зрабіўшы адным з перадавых анкалагічных інстытутаў як у краіне, гэтак і далёка за яе межамі. За гэтыя гады была створана ўнікальная навуковая школа, зроблены шматлікія вынаходствы, дасягнуты неаспрэчныя поспехі ў развязку праблем, пастаўленых перад НДІ АМР – будаванне інстытута, арганізацыя спецыялізаванай анкалагічнай дапамогі насельніцтву рэспублікі, распрацоўка мэтавага праграмнага планавання навуковых даследаванняў, стварэнне новых, высокаэфектыўных метадаў дыягностыкі і лячэння анкалагічных хворых.

Пад яго кіраўніцтвам былі пабудаваны карпусы НДІ АМР у Бараўлянах, вакол якіх вырас пасёлак для медыкаў.
Аляксандраў быў таленавітым арганізатарам, педагогам, а таксама практыкуючым хірургам. Узначальваў кафедру анкалогіі Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў. Пад яго кіраўніцтвам укаранёны мноства метадаў дыягностыкі і лячэнні злаякасных пухлін. Імем М.М. Аляксандрава названы НДІ АМР (цяпер РНПЦ АМР), а таксама вуліца ў Бараўлянах.
Станіслаў Тэадоравіч Нарбут (1853-1926) - лекар, які праславіўся станаўленнем медыцыны і будаўніцтвам шпіталю на Браслаўшчыне. Быў мецэнатам, вядомым грамадскім дзеячам.

Ураджэнец Лідскага раёна Віленскай губерні, ён скончыў два універсітэты (у Мюнхене і Тарту). У 1879 г. вытрымаў выпрабаванні на ступень доктара медыцыны. Тут жа ён абараніў доктарскую дысертацыю. Першыя гады лячэбнай практыкі прайшлі за мяжой. Пасля Германіі меў прыватную практыку ў Друі, Браславе.

Потым С. Нарбут стаў сельскім лекарам у Браславе. За ўласныя грошы пабудаваў шпіталь ў Браславе, куды было закуплена абсталяванне і запрошаны кваліфікаваныя медыкі. Адметна тое, што і будынак шпіталю быў вельмі прагрэсіўным для свайго часу: быў вадаправод, эркер з вокнамі, размешчанымі па коле дазваляў павялічыць асвятленне ў аперацыйнай. Амаль 90 гадоў выконвала свае функцыі лячэбніца. Узведзеную за 1,5 гады і адкрытую ў 1906 г. бальніцу з чырвонай цэглы і цяпер яшчэ называюць нарбутаўскай лячэбніцай. (Зараз там размешчаны Свята-Панцеляймонаўскі жаночы манастыр)

Нарбут удзельнічаў у грамадскім жыцці горада і ўзначальваў пажарную дружыну Браслава, браў удзел у працы страхавой касы, стварыў таварыства цвярозасці і народны тэатр, дзе быў таксама рэжысёрам і акторам, выдаваў газету "Дух Браслаўца". Пад наглядам павятовага лекара знаходзіліся аптэкі, прадпрыемствы харчавання, лазні, школы.

Падчас Першай сусветнай вайны кіраваў ваенным лазарэтам на Паўночна-Заходнім фронце, дзе быў цяжка паранены, і яму была ампутаваная нага.
У 1919 г. вярнуўся да лекарскай практыкі. Землякі адзначалі выключную дабрыню доктара. Ён бясплатна лекаваў бедных, прымаў пацыентаў у сябе дома і ехаў у любую вёску, калі чалавек не мог дабрацца сам. Адметна тое, што са сваімі пацыентамі доктар размаўляў на іх мове: з беларусамі на беларускай, з расейцемі на расейскай, з палякамі на польскай, з габрэямі на ідышы.

У адзін з візітаў да хворага доктар праваліўся пад лёд, захварэў і памёр ад запалення лёгкіх.
Станіслаў Нарбут пахаваны на Замкавай гары ў Браславе, на сваім улюбеным месцы, адкуль ён глядзеў на наваколле горада. Грошы на помнік сабралі ўсе ўдзячныя жыхары павета. Помнік лекару ёсць высокім маяком, наверсе каторага ўключаўся моцны ліхтар, каб рыбакі і спадарожнікі цёмнай ноччу маглі дабрацца да горада. Гэта вельмі сымбалічна, бо сымбалізуе самаадданасць лекара - Aliis inserviendo consumor.
Францішак Скарына (1490 - 1551) быў не толькі беларускім і ўсходнеславянскім першадрукаром, асветнікам-гуманістам, грамадскім дзеячам, пісьменнікам, перакладчыкам і выдаўцом першых кніг на нашай мове. Ён быў таксама прафесійным лекарам, доктарам медыцыны.

Гады жыцця і творчасці Ф. Скарыны прыпалі на самы змрочны перыяд за ўсю гісторыю еўрапейскай цывілізацыі - эпоху Сярэднявечча, час поўнага заняпаду навукі, культуры, адукацыі, права, грамадскага і гаспадарчага жыцця.

У 1088 г. быў заснаваны першы еўрапейскі ўніверсітэт - Балонскі. Восенню 1504 г. у Кракаўскім універсітэце 14-гадовым хлапчуком пачаў вучыцца Францішак Скарына.Там ён атрымаў ступень бакалаўра мастацтваў, а затым - ступень магістра і медычную адукацыю.

Ступень доктара медыцыны Францішак Скарына атрымаў у Падуанскім універсітэце ў 1512 г. Дактароў медыцыны ў той час было няшмат, яны працавалі на кафедрах універсітэтаў, узначальвалі шпіталі, працавалі пры дварах каралёў і магнатаў.

Пасля Францішак Скарына займаўся лекарскай практыкай і рыхтаваўся да сваёй далейшай кнігавыдавецкай дзейнасці. А ў апошнія гады свайго жыцця Скарына зноў вярнуўся да сваёй першай прафесіі, працуючы ў якасці садоўніка і лекара пры двары караля Чэхіі і Вугоршчыны Фердынанда.

Тагачасная медыцына знаходзілася ў бездапаможным стане. Навуковым вышукам і адкрыццям вучоных, як і ўвогуле навуцы, ставіла шчыльную заслону Царква. Тое нямногае, што было дапушчана ёю ў якасці кананічных медыцынскіх і багаслоўскіх поглядаў на чалавека і яго хваробы, не магло пераглядацца ў святле новых дадзеных; адступленне ад канонаў лічылася ерассю і жорстка каралася інквізіцыяй. Якраз пры жыцці Францішка Скарыны за такія «правіны» пайшоў на вогнішча Джардана Бруна, прынялі пакутніцкую смерць многія іншыя даследчыкі прыроды, ад сваіх поглядаў адмовіўся Галілеа Галілей...

Нават веды пра будову чалавечага цела былі далёкімі ад сапраўднасці і не маглі выпраўляцца, бо анатаміраванне целаў нябожчыкаў (за рэдкімі выключэннямі) забаранялася пад пагрозай смерці. Панавала тэорыя паходжання хваробаў як пакарання за грахі. Тэрапія зводзілася да малітваў, замоваў, амулетаў і рэлігійных пастоў. Шырока ўжываліся толькі клізмы і кровапусканні, а з лекаў — адвары, настоі, прысыпкі і мазі са шматлікіх зёлак, некаторыя мінералы і рэчывы жывёльнага паходжання. Раны прыпальвалі жалезам або залівалі кіпячым алеем ці смалою. Не было ніякага ўяўлення пра мікробы і інфекцыі. Любое сур’ёзнае захворванне ці раненне звычайна заканчвалася смерцю.

Да станаўлення прафесійнай медыцыны, што з’явіцца пры Адраджэнні, заставалася яшчэ каля стагоддзя, але, як і айцец медыцыны Гіпакрат у свой час, так і доктар Скарына ў гады Сярэднявечча годна займаўся сваёю высакароднаю справаю.