Razanau
663 subscribers
1 photo
Тэкст Алеся Разанава кожны дзень. Створана @wir_by
Download Telegram
Карані не трэба чапаць, ісціны ў іх няма: там адно толькі пануе змрок і вызмейваецца жах.
Ісціна каранёў па-за імі, над імі — у кветцы.
Пакуль чалавек жыве, ён усё яшчэ няпоўны, незавершаны, дарэшты не ўвасоблены, ён яшчэ не зусім творца і не зусім твор. Аднак дзякуючы гэтаму «не зусім» і магчыма далейшае ўвасабленне, магчымы пераход недасканалага ў дасканалае, магчыма творчасць.
Шлях, які мы праходзім, застаецца не паза намі, а становіцца намі самімі — адкладваецца і акумулюецца ў нас, нібы ў колцах дрэва пражытыя ім гады, і толькі таму ён пройдзены, і толькі таму мы здольныя і вольныя ісці далей.
Думка ідзе ўслед за жыццём, жыццё — услед за думкай, але гэта не рух па крузе, гэта рух усім кругам — у новую якасць, у новае вымярэнне. Слова бесперастанна становіцца целам, і гэтаксама — бесперастанна і ўзаемна — цела становіцца словам.
Жыццёвыя вартасці існуюць і жыццядзейнічаюць на пэўнай «адлегласці» ад чалавека, адкрываючыся адно толькі звычайнаму зроку. Набліжаючы іх, трацім іх: ні каханую, ні маці ў мікраскоп убачыць нельга.
Чалавек упісаны ў чалавецтва: яно ў ім набывае аблічча і голас, у ім ён месца і жыццяпіс.
Ці ў грамадзе, ці сам, чалавек — людзі.
Няўзнак стукнуў сякерай па камені, і з яго, шэрага, непрыкметнага, замкнёнага ў сабе, выбліснула іскрына.
Гэтак і ў людзях, знадворку звычайных і непрыкметных, захоўваюцца боскія іскрыны, і калі аб’яўляюцца, то як бы насуперак ім самім, н я ў з н а к.
І пакуль іскрына блішчыць, чалавек разумее, хто ён на самой справе, а калі згасае, згасае і разуменне ці, больш дакладна, хаваецца ўглыб, пакідаючы ў памяці з н а к пра тое, якім сабою самім ён можа быць.
Творачыся, твор — ці гэта верш, ці карціна, ці музычны эцюд — асягае пачатак, у якім усё ўпершыню і ў якім ён сам робіцца першатворам.
Ён змястоўны не тым зместам, што выяўляе, а тым, што выяўляецца сам і захоўваецца ў пачатку, і, адно асягаючы пачатак, слова знаходзіць сябе — аднаходзіцца.
У папярэднікаў свой асаблівы статус. І да якога б веку ні дажывалі наступнікі, да якой бы велічыні яны ні дарасталі, папярэднікі заўсёды застаюцца непераўзыдзенымі.
А сам сабе кожны і папярэднік, і наступнік.
На тым месцы, дзе бярэзіна займела якуюсьці драпіну ці рану, вырастае чага — грыб, што мае гаючыя ўласцівасці.
Прымаю паразу, калі несвядома, а калі і свядома, з яе мае выснавацца ўласцівасць, якою дагэтуль не валодаў, — ч а г а.
Вынік пасылае знакі дарозе і справе, але сам не можа ўвайсці ні ў дарогу, ні ў справу.
І таму дарога доўжыцца,
справа дзейсніцца,
а чалавек ёсць.
Suum cuique — кожнаму сваё... Што праміне каза, выявіць сабака, што праміне сабака, знойдзе певень, што праміне певень, заўважыць чалавек: усякая істота выявіць, заўважыць і знойдзе тое, што адпавядае ёй і чаму адпавядае яна сама, і ўсё роўна нешта — ці не самае істотнае — заўсёды застаецца не выяўленым, не знойдзеным, не заўважаным.
Нехта яшчэ мае прыйсці?!.
Якімі яны ні былі б — ці гэта тэрыторыя, ці радовішча, ці маёмасць, — людзі ваююць між сабою за частковасці — і самі ўвасабляюцца ў частковасці: чым большая частковасць, тым большая асабовасць, і наўзаем: чым большая асабовасць, тым большая частковасць..
А кожнаму прысвячаецца ўвесь свет,
а кожнаму свеціць усё сонца.
Падарыў чалавеку, з думкай якога лічыўся, новую кнігу, а падарыўшы, узяўся яе перачытваць, суадносячы яе з тым, каму падарыў.
І ў засвоеных на памяць зместах пачалі выяўляцца новыя нюансы і гучаць новыя інтанацыі.
Камень, які Сізіф ускочвае на гару, — гэта ён сам, адасоблены ад сябе самога.
Справа не ў камені, які спадае з гары, а ў заклёне багоў — у той неад’емнасці, якой лучыцца Сізіф з каменем. Некалі, калі Сізіф укладзецца ў яго дарэшты, камень сам станецца гарою, а Сізіф вольным і ад яго, і ад сябе.
Пайду знаёмай дарогай — пабуду з зямлёю і з небам і з нечым яшчэ, што памятае дарога.
І яшчэ з тым і тым некім, кім некалі быў сам і хто застаўся ў дарозе.
Алфавіт, ці, інакш, абэцэда — дом, з якім людзі звыкаюцца і ў які ўпісваюцца сваёю істотай, і тое, з чым яны звыкаюцца і ўва што ўпісваюцца, становіцца для іх на ўсё жыццё алфавітам.
Знаёмая перакладчыца з Нямеччыны, што выдатна валодае рускай мовай, кажа, што найбольш не засвоеным у рускай мове для яе ўсё яшчэ застаецца кірылічны алфавіт.
Ці то ў мастацтве, ці то ў палітыцы, ці то ў надзённым жыцці ролю, якой бы выключнай яна ні была, гуляць не так ужо і складана, і гэта таму, што г у л я ц ь.
Складана б ы ц ь.
Гуляць — супадаць з уявай, быць — супадаць з явай.
Праўда — правільная веда, і правільная яна таму, што праведа, і хто яе вызнае, той праведнік.
Нравственность — праўдлівасць.
Нравственный — праўдлівы.
Гук адчувае, слова ведае: яно асягае мэту і надае гукам, якія яго наймяноўваюць, мэтазгоднасць.