Razanau
671 subscribers
1 photo
Тэкст Алеся Разанава кожны дзень. Створана @wir_by
Download Telegram
Лужына.
Захапіла жоўты кляновы ліст
і зашклілася лёдам: ейны!..
Вострыць і вострыць дзюбу
аб камень крумкач:
ну, ляці ўжо, досыць!..
Прыгажосць, пра якую Дастаеўскі казаў, што яна выратуе свет, ратуе свет пастаянна, спрадвеку — сама-ахвяруючыся, самапераўзыходзячыся, перакульваючыся ў сваю дыялектычную процілегласць — у пачварнае, і такім чынам далучаючы гэтую другую палову свету да сябе.
Тулю да грудзей абярэмак
паленаў скалелых:
і ў нас будзе нарэшце сьвята!..
Цягнецца з коміна дым
па-над сьнежным бязьмежжам:
адна сьцяжына — і тая ў неба.
Падпіў — і трымаецца што ёсьць сілы
аберуч за бохан хлеба:
стары вясковец.
Пакінуты дом. Зазірае ў акно
галінка зялёнай вішні:
няўжо нікога?!..
Блукаю па Вільні.
На даўніх мурах
новыя назвы.
Схаваўся ў царкву ад дажджу:
знянацку
зірнулі знаўпроць сьвятыя.
Дзе — старасьць,
дзе — маладосьць?!.
Зацьвілі яблыні сёньня.
Зьбягаюць струмкі з капяжа:
у асфальце
ямачкі-чаравічкі.
І гэта адзеньне?!. -
зьдзіўляецца клён:
касьцёл у леташніх рыштаваньнях.
Сьпеў у нябёсах,
нябёсы ў сьпеве:
жаўрук.
Боязна, што заўважаць
і што не заўважаць — таксама...
Суніцы зачырванелі.
Сярод залатых дзьмухаўцоў
адзін серабрысты:
у німбе?!.
Якімі высокімі павырасталі
быльнік і лебяда:
схаваўся б!..
Вось ужо і скончыўся лівень!..
А ліст кляновы лісту
яшчэ ўсё перадае першыя кроплі.
Далёка ісьці...
Смакчу
нясьпелую сліву.
Вецьце спусьціла ў замерлы ставок
і сама замерла:
вярбіна ў сьпёку.
Вуліцу заняло
паважнае шэсьце:
ідуць з пашы каровы.