Razanau
664 subscribers
1 photo
Тэкст Алеся Разанава кожны дзень. Створана @wir_by
Download Telegram
У ржышчы жытнёвым
конік застракатаў:
яшчэ нешта не зжата?!.
Гронкі рабіны
зачырванелі:
ўгару горнецца позірк.
Стаяць на балоце стагі
з асьнежанымі вярхамі -
тутэйшыя горы.
Рэчка замерзла. Мост
зьдзіўляецца лёду:
адкуль ты ўзяўся?!.
На непарушным сьнезе
лёгкі заечы сьлед
і чалавечы — цяжкі.
Ялінка на сьметніку.
Вось і ўвесь новы год!..
Вось і ўсё навасельле!..
Зімовае сонца. Імкнуцца ўстаць
са снежнай пасьцелі
цені.
Зіхоткая поўня -
акно, зь якога
глядзіць у душу нябыт.
Парушаны мур:
чырванее жар -
цэгла ў бязмежжы сьцюжы.
Сьнежная горка.
Дзеці зьлётваюць долу -
ці, можа, увышыню?!.
Чакаем таксоўку ўначы:
чарга пасунулася на адно месца -
і то весялей.
Зімовыя прыцемкі:
снег настае,
растае навакольле.
Вісяць між пупышак
замерзлыя кроплі -
таксама вясны чакаюць?
Абудзіўся сярод суровых
зімовых палеткаў:
куды пацячэш, ручай?!.
Які пахмурлівы небакрай!..
Адтуль
вясна надыходзіць.
Чырвоны дом на гары -
уволю
я ў ім нагутарыўся б зь цішынёй.
Бягуць ручаіны
у полі — зьвівы
жвавай гаворкі.
Беляць у садзе вясновым
камлі — галіны
самі пабеляцца неўзабаве.
Вісіць і не падае
у паветры зялёны дождж:
ніцыя вербы зазелянелі.
Цела — плынь, якая захоплівае і нясе ў сваё «мора» чалавечыя памкненні, намеры, думкі, самога чалавека, хоць адзінае, што чалавеку неабходна зрабіць у жыцці,— гэта перайсці з аднаго берага на другі.