Razanau
667 subscribers
1 photo
Тэкст Алеся Разанава кожны дзень. Створана @wir_by
Download Telegram
Зіхоткая поўня -
акно, зь якога
глядзіць у душу нябыт.
Парушаны мур:
чырванее жар -
цэгла ў бязмежжы сьцюжы.
Сьнежная горка.
Дзеці зьлётваюць долу -
ці, можа, увышыню?!.
Чакаем таксоўку ўначы:
чарга пасунулася на адно месца -
і то весялей.
Зімовыя прыцемкі:
снег настае,
растае навакольле.
Вісяць між пупышак
замерзлыя кроплі -
таксама вясны чакаюць?
Абудзіўся сярод суровых
зімовых палеткаў:
куды пацячэш, ручай?!.
Які пахмурлівы небакрай!..
Адтуль
вясна надыходзіць.
Чырвоны дом на гары -
уволю
я ў ім нагутарыўся б зь цішынёй.
Бягуць ручаіны
у полі — зьвівы
жвавай гаворкі.
Беляць у садзе вясновым
камлі — галіны
самі пабеляцца неўзабаве.
Вісіць і не падае
у паветры зялёны дождж:
ніцыя вербы зазелянелі.
Цела — плынь, якая захоплівае і нясе ў сваё «мора» чалавечыя памкненні, намеры, думкі, самога чалавека, хоць адзінае, што чалавеку неабходна зрабіць у жыцці,— гэта перайсці з аднаго берага на другі.
Не бойся цячы, ручай,
у яры і ў ямы:
рака цябе не забудзе.
Вясновы самотны вечар.
Гуляе дзяўчынка
у хованкі з маладзіком.
Гром загрымеў — і адразу
аціхлі ўсе галасы:
нябёсы гавораць!
Першыя кроплі дажджу:
на плітах
азбука кропак.
Ладкуюць гнёзды гракі:
абламанае вецце
зноўку вяртаецца дрэвам.
Вішня наўскрай дарогі,
спяшайся першаю расцвісць -
у пчол абранніцай будзеш.
Аблокі плывуць над зямлёй, не належачы ёй і не залежачы ад яе, але з іх раптам ліецца на зямлю дождж альбо абрушваюцца маланкі.
Высотны жыхар — арол — велічна лунае ў нябёсах, не ведаючы сабе раўні, але раптам зрываецца ўніз, па здабычу, бо бачыць усё, што там адбываецца.
Так і з паэзіяй, так і з мастацтвам, так і з філасофіяй: яны павінны лётаць высока і займацца «высокімі» рэчамі, але ў той жа час павінны лучыцца з зямлёю «дажджом», «маланкай» і нават «арлінай драпежнасцю».