Новы свет 🌞
594 subscribers
597 photos
9 videos
2 files
483 links
Інфа: https://t.me/masvet_by/7

Мы суполка людзей, што ствараюць будучыню мастацтва роднай зямлі.

Мы пісьменнікі, паэты, перакладнікі, мастакі, музыкі, спевакі, рамеснікі. І мы любім беларускае мастацтва!

Падтрымка & публікацыя: @masvet_by_bot
Download Telegram
#верш
#Nichto_Absalutna

Зламаная пэрспэктыва

Давечнасьць ліецца зорамі у вокны,
Парэпанай масай праз драпіны ў раме.
Забытае цеста са страху ды смагі,
Шукае адхланьня ва ўцёках з духоўкі.

Зламаная сьцежка між церняў нябыту,
Што раняць пад чэрап, наводмаш пашыты,
Я сёньня бяз грошай. Ня дам цыгарэты,
Няўжо так падобны?
Пакіньце, ня выйце.

Я ведаю выйсьце, ня бачу ўваходу.
Я тут. Толькі дыхаць няёмка, дазвольце?
Няможна? Ну што ж, мне вядома.
Дарослыя людзі.
Мы з вамі? Забудзьце.

А знаеш, усе неба чапаюць па-свойму,
Кідаюць сабакам разьбітыя косьці.
Зашклёныя вочы мігцяць. Не крыўдуйце.
За імі сьняць зоры зьнябытыя людзі.


• • •
#верш
#Nichto_Absalutna

Мартыда

Доктар скажа: ты памрэш праз тры гадзіны,
Праз два дні, праз тры гады, чатыры тыдні,
У час ліхі ды ў час тужлівы
Шмат хто з нас чакаў і марыў,
Як ляжыць бляды ў магіле,
А ўгары ірвуцца хмары.
На кавалкі.

Дыктар скажа: нам капцы празь пяць хвілінаў,
Не зьміргні, у акно глядзі, чакай на дзіва,
У час нуды ды ў час абрыдлы,
Шмат гадоў гукаў і бачыў,
Як цьмянее сьвет, што прысак,
А ўгары шугаюць хмары.
Бы запалкі.


• • •
#верш
#Nichto_Absalutna

Лістападаўскі голад

Цішыня ловіць сонца, шум дарог гасіць зоры,
Гэта ўсё не істотна, ці мой сябар, ці вораг.
Мой адзіны чытач у далёкім мінулым,
Хто ты ёсьць і нашто круціш неба ў калюжах?

Ставіш музыку лісьця, помніш ветру абрысы,
Вось бы гэтага збыцца, распрануцца, забыцца,
Басанож на мароз і крычаць да прастуды,
Зьнітаваць хрып свабоды з заінелай пакутай.

І ўглядацца да рэзі, і кідацца на дрэвы,
Бо маўчаць, адпусьціўшы дзяцей і спадзевы,
Загарэцца ад сьцюжы, скарачаючы ночы,
Але рукі ў кішэнях грэюць лепей за волю.
#верш
#Nichto_Absalutna

Рамкі

Мне хочацца дыхаць, сьціскаюць вакол,
Аточваюць рамкі ад фотак бацькоў,
Жыцьцё па альбоме зь зіготы пайшло,
Нібыта па рэйках - пад вечны адхон.

Мне хочацца марыць, ды цягнуць на дно,
Цяжэнныя рамкі ад фотак дзядоў,
Гарэлыя плямы нябачных лістоў,
Нясьцерпныя раны няспраўджаных сноў.

Мне хочацца верыць, што гэта ня ўсё.
Пазбудуцца рамак хоць фоткі сыноў.
Агораны ў болю няўмольны штуршок -
І мёртвыя вочы дрыжаць па-за шклом
#верш
#Nichto_Absalutna

Мая школа

Недзе ў гразкім дрыжаньні кварталаў,
Прыхаваўшыся ў сеціве вулак,
Бы расколіна ў шыбе ад ранца -
Мая школа,
Спавітая сьцюжай.

Краявід сьціплы твой з туалета,
Ад заняткаў здаваўся адхланьнем.
Стань на дыбачкі на батарэю -
У акулярах зайграе сьвітаньне.

Тады ўсё не здавалася простым,
Сьвет мкнуў змрочна, заблытана, золка.
І бязьмежна цяклі калідоры,
У сотнях крокаў і крыкаў... І моўчкі.

Першы ў клясе, сьняжок з падваконьня,
Рваны сшытак, "здалі тэлефоны",
Чыпсаў хрумкат на лаўцы зь сябрамі,
"Не кажыце, прашу, толькі маме".

Робіш выгляд, што сьпісваеш з дошкі,
Робіш выгляд, што вучыш старанна,
Робіш выгляд, што ты на занятку,
Выдыгацца там нельга, усё помню:
Ненавідзеў цябе, мая школа -
Памяць-цэнзар малюе ружовым,

Як дрыжалі, сьмяючысь кварталы,
Загубіўшыся ў сеціве вулак.
Як дваілася ў шыбе ад ранца,
Мая школа,
У адвечнасьць закута.
#верш
#Nichto_Absalutna

Беларускі псыхапат

Сусед за сьценкай зноў урубае тэлік,
А мне да заўтра засталося тры гадзіны
У паўсьне малюю, як бяру сякеру,
Як трушчу дзьверы: "Вось я, адамкніце.

Я на хвілінку, расказаць пра Саладуху,
Я ж так люблю яго, ты зэдлік кінь, паслухай.
Чуваў штоночы, ты яго таксама любіш,
Альбом, што першы выйшаў, на мяне, зановы.

Але калі ён дропнуў "вінаград"...
Суседзе, асьцярожна, дажджавік папсуеш.
Ну не магу я ўжо спыніцца забіваць,
Чакай, сусед, што трэці год ў рамонтах!",
Якія звычаі, такі і псыхапат.

────≪✷≫────
#верш
#Nichto_Absalutna

Пустое

Мастацтва стварае сэнсы зь нічога ў нішто,
І б’ецца з вадою, ліецца з пустога
У яшчэ больш пустое.
Грамадзтва прымае такую гульню ды ва ўсход
Углядаецца болей, наросхрыст душою
Яшчэ больш пустою.
Змагацца няма тут за што, мы ўсе сьнім адзін сон,
Пра адвагу, і чыны, і слова, чым далей,
Тым болей пустое.
Здавацца няма тут каму, звонкі плач, сьмерці стогн,
Застыглую кроў не бунтуе трываласьць
Яшчэ больш пустога.
#верш
#Nichto_Absalutna

У апафэнічным пошуку гарантый,
У вар’яцкім перадбачаньні надзей
Сядзіць павук з забытай сьветам казкі,
Згубіўшыся ў глухім аблудным сьне.

І мрояцца яму то сотні тлустых мухаў,
То павуціньне, непарыўнае ў вяках,
Што сецівам аблытала Зямлю ўсю,
Раскінуўшы разоры па гарах.

І моцы досыць, і здароўя так багата,
І прарок павучыны такі малады,
Сьвітаньне зіхоча, грыміць небакраем,
А час непрыкметна трухлявіць сілы‌.
#верш
#Nichto_Absalutna

Я люблю рэчы

Рэчы ня здрадзяць, не ашукаюць
Будуць заўсёды поруч у камодзе,
Рэчы ня просяць увагі, трываньня,
Рэчам даволі шчасьця ды гора.

Цёмнае шафы, пыльных бальконаў,
Змрочных гарышчаў спрэс у павуціньні,
Кінутых хатаў, зрываў, пагромаў,
Змрочнае бавы пад лямпай мірглівай.

Рэчы ня чуюць, рэчы ня мараць,
Рэчы ня правяць зламанага жартам.
Рэчам усё проста, рэчам усё роўна:
Рэчам да чорта шчасьце ды гора.
#верш
#Nichto_Absalutna

Янус*(∞+1)

Тысячатвары Бог стаміўся ў сьмерці, сьмерцях,
Гэта была ня стома, кшталту выгараньня,
Чаму гарэць, калі хрыбет пераламаны?
Нішто ўваччу ня новае, ці маюць вочы цела, целы?
Сьвет цэлы руйнуецца ды плача па-за шклом,
У расколінах нядбайных грукат ранку, голас у горле,
Нібы камень засеў, здаецца, нават МРТ ня выне з мозгу, мозгаў?
А Богу лёс свой піць усё ж залпам ці нагбом?
А голас
Няўлоўна неяк і няўтомна просіць: годзе, мае я, ну годзе,
У каторым годзе то было? Даўно зьлілося.
Забілі Бога - месца ўлады пуставаць ня можа, можа,
Досыць? Ідзі, спытай у субстанцыі, Сьпіноза,
Сьпі, мо’ за сотні год туляньня, знойдзеш чаму ўрэшце,
Тысячатвары Бог стаміўся ў сьмерці, сьмерцях.
#верш
#Nichto_Absalutna

Рэжым чаканьня

Патанулыя ў моры фарбы разеткі,
Зераць у душу, быццам з карціны Мунка.
Мэталёвая лаўка век будзе гэткай
Унутры пустацелай, звонку грознай ды мулкай.

А шурпатыя сьцены абдымацьмуць пах ёду,
І крыху безвыходнасьці, кашлю ды сноў,
І размовы пра лёс жыхароў той хрушчоўкі,
Што завісла насупраць у мігатні ліхтароў.

Непраломнае неба занямелае пліткі,
Заглядаецца ў бітае люстра падлог.
Я б хацеў дзесьці зьнікнуць, я б хацеў рашчыніцца,
Ды чакаем патроху: я, разетка ды столь.
#верш
#Nichto_Absalutna

Недасьведчанае

Паламаная плітка савецкіх часоў,
А над ёю асфальт, зьбіты пыл і бэтон -
Вось шматслойны пірог,
Зубаломных эпох.
Прыкры лёс быццам лёх,
Бель у канцы, гулкі крок.
Застаецца капаць неяк убок.

Сьвідруй керны ды разьбівай на эры,
Пэрыёдыка радыёактыўнасьці крыві
На неўрадлівай глебе,
Усё нязьмерна.
Нязьменна трэба,
Сябе шукаць уваччу забытых пакаленьняў,

Дзяцей непасталелых, няўсьпеленых пасеваў
Нязбудаваных хат, утаптаных у гразь спадзеваў.
І непражытых дзён пад неўгляданым небам
Ня дыхай. Чуеш вечнасьць?
Недасьведчанага.
#верш
#Nichto_Absalutna

Дождж абваліў крыху неба на плітку,
Зь неба растуць цыбатыя ліпы,
У неба імкнуць цыбатыя ліпы,
Вецер нязбытна шкрабе мяккім лісьцем.
Па плітцы плывуць ручайкі - у неба ўліцца,
Пад камлі, над кароны разьлівістых ліпаў.
Пад ветрам разьвіліста гнуцца галіны,
Аб вецер разьвіліста труцца галіны,
Абток паміж небам плыве волкай крыгай.
#верш
#Nichto_Absalutna

Час адпусьціць

Адпусьці, адгані
Усё, што мае сысьці.
Не адпусьціш - адваліцца з часам,
Бы адгнілы кавалачак плоці.
Хоць тады не забудзь разьвітацца,
Усё ж прышыў, хоць і чуецца мёртвым?
Што ж, ну разам зь ім гній,
Адыдзі ад скалы,
Не ядуць арлы гнілай пячонкі.