Новы свет 🌞
596 subscribers
595 photos
9 videos
2 files
481 links
Інфа: https://t.me/masvet_by/7

Мы суполка людзей, што ствараюць будучыню мастацтва роднай зямлі.

Мы пісьменнікі, паэты, перакладнікі, мастакі, музыкі, спевакі, рамеснікі. І мы любім беларускае мастацтва!

Падтрымка & публікацыя: @masvet_by_bot
Download Telegram
#верш
#Nichto_Absalutna

A contrario

Чым болей людзей - тым шчымлівей самота,
Чым болей надзеяў - тым болей і болю,
Чым болей адценьняў - тым менш яркі колер.
Чым далей дарога, тым бліжай да дому.
Больш сэнсаў - менш праўды і болей пакоры,
Чым болей, тым меней, чым меней, тым болей.
#верш
#Nichto_Absalutna

Верш стары, але адшукаўся нядаўна, таму дзялюся толькі цяпер. Усё ж ода да роднай мовы - абавязковы атрыбут прафэсіі)

Праз плітку

Бы сьветлыя промні ў бязьмежных нябёсах
Бы сьлед каляіны ў няблізкай дарозе
Бы сьмелыя зьнічкі ў цемры глыбокай
Бы сьпелыя зернейкі ў полі далёкім...

Так льюцца й мкнуцца на вольны прастор
Бяздонныя словы, адвечныя скрозь,
Як лісьце, што ветру і мглы не баіцца
Як верас, што вырас ля чыстай крыніцы.

Стагодзьдзямі жылі яны на пагорках
І ціха гучалі на ўтульных вячорках
Бароліся з жахам, пятлёй, паняверкай -
Праз плітку прарослая папараць-кветка.

@masvet_by
#верш
#Nichto_Absalutna

Гэта ня сон, але ж гэта й ня ява,
Гэта жыцьцё, тут усяго намяшана,
Гэта ня гонка з-пад бота ў канаву,
Гэта ня мора, ня попел, ня мары.

Гэта трывожна, але не дарэшты,
Гэта пацешна, хоць мне не да сьмеху,
Гэта бязглузда, няхай столькі сэнсаў,
І не навечна, звыклыя рэчы.

Гэта пустэча. Такія во справы,
Садзьміце ўжо хмары, пусьціце паветра.
Гэта галеча, што лечыць ды прагне,
Закрыйце гештальт, бо бярэ цераз рэбры.
#верш
#Nichto_Absalutna

Чатыры сьцяны

Сядай на лаўку, выпі сомы,
Хай адамкнуцца дзьверы ў поле,
Хай не сталее прага к волі,
Ня слухай толькі, ня слухай толькі...

Усіх тых, хто кажа, што ты зломак,
Нясеш свае самоту, стому,
Сум і спакойны сон у загоне,
Бо тваё поле, тваё мора...
Назаўжды ў зашмаргу замкнёна.

Шкляныя сьцены - твая вера,
Парковак гоні - твая воля,
Свабода думаць сьпіну ломіць,
І ветру подыхам імкнецца
Назад дадому.

Хай усе здранцьвелі і збуцьвелі,
Хай сьвет працялі паралелі,
Усе далягляды дагарэлі,
Няхай хацець бракуе моцы,
Зьлязай з арэляў, выпі сомы.

Запі тугою з твайго мора.
Ня чуеш крыкаў, бачыш поле,
Яно бяз краю і бяз болю,
Усіх ахіне і супакоіць.

І хоць павекі ацалелі,
Зламалі горад паралелі,
Закрылі неба шырмай сьцены.
Ты не паверыш,
І ня зьвернеш,
Адзін у пустэльні.
#верш
#Nichto_Absalutna

Мой горад

Вецер сьвішча ў завулках
Шырынёю ў парсэкі,
Мой горад гулка ды глуха,
Скрозь сьлёзы сядзіць на таблетках.

Мой горад кідаецца пылам,
Сьмяецца ашчэрам бальконаў,
Гуляецца ў шахі на плітцы,
Страляецца ў тысячы скроняў.

Мой горад навезьлі з калгасаў,
Зьбіралі, бурылі, малолі.
Мой горад - ахвяра ідэі ды часу,
Мой горад ля штучнага мора.
#верш
#Nichto_Absalutna

Error_21

Гэты верш не пісала нэўронка,
А ці будзе ўсё так відавочна
Гадоў праз надцать?
Мастацтва -
Расплывістая фармулёўка.

А мо’ і пісала нэўронка,
Ад мяне рэдактура ды промпты?
Ці трэба баяцца?
Змагацца?
Ці глядзець заварожана ў прорву?

Напэўна, пісала нэўронка,
Што сама сябе лічыць душою,
Калі ўжо папраўдзе,
Спытаю,
Ці мозак ня ёсьць сам нэўронкай?
#верш
#Nichto_Absalutna

Невядомаму паэту

Ты так мала пасьпеў, даганяючы шчасьце.
Ты ляцеў, пыл курэў,
Ты так мала пасьпеў.
Дык навошта стараўся?

Шчыраваў, гнаў сябе і сумневы падалей?
Ты гарэў, дым сівеў,
Ты так шмат не пасьпеў,
Дык навошта змагаўся?

Хоць згарэў, не сагрэў аніводнае цалі,
І асеў, быццам сьпеў,
Што ніхто не засьпеў,
І вякі пад ільдом пахавалі.
#верш
#Nichto_Absalutna

Дадому.

Бадзяюся між самаспраўдных прароцтваў,
Нязьдзейсьненых мрояў,
Забытых жаданьняў...
Надзённасьць завісла ў паветры пад стольлю
Надзейна ды вечна,
Дамоклавым мечам.
Бадай, гэта стома. Бывае, знаёма?
Час быццам нявечыць,
Пусьціце пагрэцца
#верш
#Nichto_Absalutna

ГОСТ 11214-86

Міжпакаёвым вокнам прысьвячаецца

Акно ў бэтонны калідор
Без асьвятленьня.
Хто пасадзіў цябе пад столь?
Які злы геній?
Чаму, заміж сьвяціць ў пакой,
Чарнееш зеўрай?
Які фанат у базальце норм
Зрабіў пакідзішчам сярод
Глухіх панэляў?
#верш
#Nichto_Absalutna

Зламаная пэрспэктыва

Давечнасьць ліецца зорамі у вокны,
Парэпанай масай праз драпіны ў раме.
Забытае цеста са страху ды смагі,
Шукае адхланьня ва ўцёках з духоўкі.

Зламаная сьцежка між церняў нябыту,
Што раняць пад чэрап, наводмаш пашыты,
Я сёньня бяз грошай. Ня дам цыгарэты,
Няўжо так падобны?
Пакіньце, ня выйце.

Я ведаю выйсьце, ня бачу ўваходу.
Я тут. Толькі дыхаць няёмка, дазвольце?
Няможна? Ну што ж, мне вядома.
Дарослыя людзі.
Мы з вамі? Забудзьце.

А знаеш, усе неба чапаюць па-свойму,
Кідаюць сабакам разьбітыя косьці.
Зашклёныя вочы мігцяць. Не крыўдуйце.
За імі сьняць зоры зьнябытыя людзі.


• • •