Новы свет 🌞
597 subscribers
595 photos
9 videos
2 files
481 links
Інфа: https://t.me/masvet_by/7

Мы суполка людзей, што ствараюць будучыню мастацтва роднай зямлі.

Мы пісьменнікі, паэты, перакладнікі, мастакі, музыкі, спевакі, рамеснікі. І мы любім беларускае мастацтва!

Падтрымка & публікацыя: @masvet_by_bot
Download Telegram
#верш
#Лій_М.
я чую гукі цягніка.
                          ціш.
зацішша перад бурай?
а, вось, блішчаць тут зоркі. яны заўсёды тут былі?
                          паміж...
...між намі доўга зьзялі? бо сілы не хапала, моцнай.
каб зноў забыўшыся пра зоркі і каб блішчалі толькі вочы, але ты назаўсёды
                          спіш.
ну, вось, ужо грамчэй! я чую гукі цягніка,
                          прачнісь! 
альбо забыла, што мне паабяцала?
ніколі больш ня спаць! ты мне паабяцала!
так лепей, усё, між намі мура.
вось толькі ўсё, прайшла ўжо             
                           ціш...
і пачалася бура.
#верш
#Хросная
Калі вясна ахутвае зямлю
Сабе я падаюся бессмяротнай
І болей не гляджу ўжо самотна
Калі вясна ахутвае зямлю
І сэрца б'ецца нібыта палётна
І мроі апускаюцца ў раллю
Калі вясна ахутвае зямлю
Сабе я падаюся бессмяротнай
#верш #ананімна

Богі Зямлі і Неба
ідуць па лютаўскім лёдзе
і пасклізваюцца,
і махаюць рукамі,
спужаўшыся на секунду
падзеньня з Алімпу жыцьця.

Табе падаецца, што ты можаш нешта сказаць,
пакуль язык ня стаў пылам,
пакуль паветра казыча зьвязкі,
ты можаш запісаць некалькі словаў на дыктафон ветру.

На небе ўжо гараць лампы,
што нагадваюць нам
прысьцягнуць рамяні бясьпекі.

Няхай твая сківіца
вывучыць залатую мову высокіх зор.
Не забараняй нічога, акром гвалту,
дазваляй усё, акром болю. 

Няхай з луку твайго языка
зрываюцца стрэлы любові —
цэль прама ў сэрца,
бо сэрцы
згараюць хутка —
так сама,
як і зробленая з надзеі
барвовая фіранка зьмярканьня.
#верш #пан_які_прапаў

Смутак, цемра, позні час,
Вызірнуў ў вакно.
Недзе стукае абцас,
Ўсё мне тут радно.

Раптам у ваконным шкле
Ўзнікла відавíшча:
Вочы ў шызае імгле...
То ж маё аблічча!

Зрэнкі ззяйкія ў начы
Лупяцца-жаўцеюць
Досы' працы, адпачну
Бо йначай звар'яцею

Толькі потым скеміў я
Доўбня каравокі
Што не з сабою ўбачыўся
Ў празрыстым шкельцы тонкім.
#верш #пераклад #Раман

Хацеў бы падзяліцца сваім перакладам вершаў Адама Міцкевіча "niepewność”
(Аўтарская артаграфія)


Сумневы

Калі ты далёк, не ўздыхаю, ня плачу
Не губляю розум як цябе пабачу,
Аднак не сустрэўшы цябе заўважаю,
Чагось мне бракуе, кагось бачыць жадаю;

З тугою тады задаю я пытанне:
Ці то сяброўства? ці можа каханне?

Калі з вачэй знікнеш, ня маю я сілы
Адновіць у думках твой вобраз мне мілы;
Аднак жа ня раз адчуваў супраць волі
Што памяці блізкі маёй ён даволі.

І зноўку сабе задаю я пытанне:
Ці то сяброўства? Ці можа каханне?

Цярпеў я ня раз, і бядою сваёю
Я думкі ня меў падзяліцца з табою;
Ідучы бяз мэты, губляў я дарогу,
І зноўку прыходзіў к твайму я парогу;

Заходзячы ў сэрцы хаваў я пытанне:
Сяброўства мяне прывяло ці каханне?

Каб толькі жыла ты, душу у ахвяру
Гатовы прынесці пякельнаму жару;
Хоць думкі я дзёрзкай у сэрцы ня маю,
Быць шчасцем тваім і спакоем жадаю.

І зноўку сабе задаю я пытанне;
Ці то сяброўства? Ці можа каханне?

Як дотык рукі я тваёй адчуваю,
Прыемна мне неяк, спакой ахінае,
Здаецца жыццё скончыў бы ў лёгкім сне,
Але сэрца стук абуджае мяне,

Які задае мне галосна пытанне:
Ці то сяброўства? Ці можа каханне?

Калі радкі песні я гэтай складаў
Дух вешчы прароцства мной не ўладаў
Адкуль узяліся ўсе рыфмы ня знаю
Як склаліся вершы я толькі гадаю;

І запісаў у канцы я пытанне;
Сяброўства натхніла мяне ці каханне?

Адам Міцкевіч
#верш #пан_які_прапаў

"Прамова"
Гэй,
крыжаверца,
Слухай, што моўлю!
Лепей табе не зьяўляцца у лесе:
Здані тамтэйшыя
Здрады ня сцерпяць.
Згубяць юдэйскага бога вызнаўцу!
Гэй, крыжаверца,
Слухай, што кажуць!
Лепей ня ходзь больш дзе возера бераг:
Духі вады дужа хцівыя здані!
Моцна злуе іх прарок Ершалаймскі:
Ўтопяць таго, хто на продкаў забыўся!
Гэй, крыжаверца,
Ўважліва слухай:
Да курганоў нават не набліжайся!
Воі славутыя там спачываюць,
Не вымушай іх вяртацца да дбання!
Слухай, пярэварацень, шчэ' параду:
У навальніцу з жытла не кажыся!
Шугне маланка,
Грымнуць пяруны
І, калі ты на зямліцы стаяўшы,
Больш цябе тут аніхто не убачыць:
Спасцігне цябе лёс зусім незайздросны.
Шчыра маліся, дзедаў прадаўца!
Мо ў Патайбоччы
І абароніць
Цябе
Бог
Нянаскіх
Паўднёвых
Плямёнаў!
#Расьціслаў #верш #пераклад

Красавіцкая залева

(аўтарскі пераклад зь вепскай)

Залева красавіцкі сьнег смывае,
Зь нябёсаў зь ветрам ручаі бягуць,
Парывамі, павевамі лятуць...
Залева красавіцкі сьнег смывае.
Зіма ніяк ня хоча адпачнуць,
І зноў усё на белае мяняе...
Залева красавіцкі сьнег смывае,
Зь нябёсаў зь ветрам ручаі бягуць.

─────────≪✷≫────────
Канал аўтара
#верш
#Nichto_Absalutna

Дождж абваліў крыху неба на плітку,
Зь неба растуць цыбатыя ліпы,
У неба імкнуць цыбатыя ліпы,
Вецер нязбытна шкрабе мяккім лісьцем.
Па плітцы плывуць ручайкі - у неба ўліцца,
Пад камлі, над кароны разьлівістых ліпаў.
Пад ветрам разьвіліста гнуцца галіны,
Аб вецер разьвіліста труцца галіны,
Абток паміж небам плыве волкай крыгай.
#верш #ананімна

Верш павінен быць паэтычным.
Чыстка і афарбоўка дахаў.
Аўтарэмонт на Турава.
Здыму кватэру ў вашым доме.
Разгледжу ўсё варыянты.

Асфальтавая прасьціна + навалачка неба –
як дзьве далоні,
якімі закрывае вочы
малпачка-эмодзі пад паведамленьнем аб загінулых людзях.

Усе гэтыя рэчы
я зьнітоўваю разам
сашчэпкамі літар –
прама зараз.

У пейзажу падціснутыя вусны, зморшчаны твар,
дзёснамі ўзгоркаў ён перажоўвае рэчаіснасьць.

Кусок бязьлітаснага неба,
як Вялікі Дворнік,
вымятае ўсё лішняе,
ён марыць стаць каралем
і сядзець на залатым ганку
сваёй маладосьці.

Дзьве пары ружовых штаноў
складаюць літару М – майткі, мядзьведзі, мора, месяц, малайчына?

Так, магчыма.