Новы свет 🌞
598 subscribers
594 photos
9 videos
2 files
480 links
Інфа: https://t.me/masvet_by/7

Мы суполка людзей, што ствараюць будучыню мастацтва роднай зямлі.

Мы пісьменнікі, паэты, перакладнікі, мастакі, музыкі, спевакі, рамеснікі. І мы любім беларускае мастацтва!

Падтрымка & публікацыя: @masvet_by_bot
Download Telegram
#проза #казка
#госць
#Хросная

Дзяўчына, што трымала ў далонях сонца

Аднойчы, у краіне, дзе сонца свеціць некалькі нядзель, а грэе і таго меней, у краіне, дзе вецер дзьме ва ўсіх напрамках, жыла дзяўчына з валасамі, колерам падобнымі да самога сонца.
Дзяўчына, што хацела трымаць сонца ў далонях.
Яе лічылі дзівачкай і глядзелі з цікавасцю, але не слухалі.
"Нельга трымаць сонца, гэта супраць законаў фізікі!" - казалі адны. Дзяўчына загадкава ўсміхалася.
"Ты спаліш сябе!" - казалі другія. Але Дзяўчына не баялася агню.
"Ты не зможаш, ты ўсяго толькі слабая белагаловая!" - казалі трэція. Дзяўчына смяялася ім у твар.
І яна пайшла шукаць месца, дзе сонца апусціцца ёй у далоні.
Дзяўчына ішла і ішла, яе прыгожыя рудыя валасы сталі кароткія, гразь дарог асядала на адзежы, робячы яе шэраю, яе паліла сонца і дажджы
палівалі яе бруднай вадой. Дарожны пыл асядаў на яе скуры.
Дзяўчына прайшла тысячы дарог і аднойчы, стаміўшыся ісці па тысячы першай, прысела каля яблыні, што расла блізка.
Быў вечар.
На небе ззялі зоркі і неба было, быццам вялікі акіян.
Ціха стракаталі насякомыя, спявалі птушкі.
Дзяўчына закрыла вочы. А як адкрыла іх, прама да яе апускаўся шар. Ён быў руды, як валасы Дзяўчыны.
Ён рабіўся большы і большы, ззяў спакойным, утульным светам.
Дзяўчына працягнула далоні. І шар апусціўся на іх.
Яна трымала ў далонях сонца. Яно было не пякучае, яно не паліла. У руках было цяпло.
Зоркі пачалі нейкі карагод, яны змянялі сваё месца, пераліваліся, свет пачаў кружыцца. Знікла стомленасць, валасы распляліся, пыл пакінуў цела і душу.
Шырока адкрытымі вачыма глядзела Дзяўчына на сусвет і бачыла, як прылятае перад ёю гісторыя, як змяняюцца стагоддзі, як раскрывае зямля свае тайны.
Тысячы галасоў чула яна, тысячы галасоў звалі яе, спявалі ёй.
Тысячы далоняў цягнуліся да яе, хапалі за адзежу, прасілі прыйсці ў кола ці дапамагчы.
Сусвет змяняўся і яна жыла і замянялася разам з ім. Дзяўчына бачыла Мінулае і Будучыню. Усё ажыло. Усё памаладзела.
Паток нёс яе, а яблыня ціха шапацела, расказваючы казкі і запамінаючы новую казку...
На Зямлю апускалася ноч.
#Хросная
#казка


Дарога вяла некуды.
Яна была шырокай і амаль не мела канца.
І яна была сонечнай.
Была колеру сонца.
Ну, так здавалася Джэсі.
Джэсі не ведала, як яна трапіла сюды. Яна проста расплюшчыла вочы, і пабачыла дарогу. Здавалася, што на свеце існуе толькі адно - жоўтае палатно.
І неба. Неба сіняе-сіняе, быццам нехта разліў акварэлі. Не было ніякіх адценняў, акрамя сіняга і жоўтага.
На жоўтых камянях босыя ногі Джэсі выдзяляліся ярка-белымі плямамі. Ногі былі нармальнага колеру.
Раней.
Але зараз, на гэтай жоўтай дарозе ногі здаваліся занадта бледнымі.
"Трэба ісці..." - падумала Джэсі і пайшла, камяні прыемна грэлі пяткі.
"Гэтая дарога не закончыцца!" - падумала Джэсі
Яна ішла і ішла, а дарога ўсё не заканчвалася.
Здавалася, што прайшлі гадзіны, але сонца свяціла так ярка, як і раней, і жоўтыя камяні рабіліся ўсё больш і больш гарачымі.
Джэсі адчувала, як яе цела агортвае страшная стома. Гарачыня забівала, рабіла млявай, хацелася спаць.
Яна села на дарогу, валасы рассыпаліся па плячах, быццам захінаючы дзяўчыну.
"Мне трэба хтосьці, хто мне дапаможа..." - з апошніх сіл падумала Джэсі. Яе вочы закрыліся.
"Ха-ха-ха, дзяўчынка Джэсі вырашыла паміраць!"
Джэсі пабачыла, як над ёй, калыхаючыся ў паветры, вісіць вялікая фіялетавая пляма, у сярэдзіне якой праступае бледны твар.
Пляма пераліваецца, а на твары то з'яўляецца, то прападае з'едлівая ўсмешка.
"Х-хто ты? Чаму ты тут?" - пытаецца дзяўчына, спрабуючы падняцца.
"Я - пляма. Я тут, таму што ты падумала пра мяне"
" - Я падумала аб тым, што хачу дапамогі"
" Я - твая дапамога. - сказала пляма і пачала ружавець. - ты паклікала мяне. А ісціна ў тым, што ты можаш завяршыць дарогу тады, калі пажадаеш гэтага"
"Але гэтая дарога выглядае бясконцай. Я іду і іду па ёй. Як жа яна можа скончыцца толькі таму, што я падумаю пра гэта? Я ўвогуле была ў іншым месцы і не ведаю, як мне вярнуцца туды!"
"Ты можаш пайсці туды, куды захочаш, - адказала пляма.- Глядзі!"
Дарога прапала, а замест яе з'явілася мілая паляна. На паляне стаяў маленькі столік з гарбатай і цукеркамі. Ціха шапацелі старыя магутныя дубы. Зялёная трава лашчыла стомленыя ногі Джэсі.
Спявалі птушкі.
"Глядзі!"
І паляну змяніў шыкоўны палац.
"Глядзі!"
І палац змяніўся на ярмарку ў старажытным горадзе.
"Глядзі!"
І замест ярмаркі зноўку з'явіліся жоўтая дарога.
Але ж... Гэта няпраўда! - закрычала Джэсі і заплакала.
Няпраўда? - спытала пляма. - гэта з якога боку паглядзець!
Вось так - пляма выпрасталася, - я проста пляма.
А вось з гэтага боку - я круг, а тут - у мяне вочы на жываце
Ты - гэта ты. Ты таксама ілюзія! - запярэчыла Джэсі.
Увесь гэты свет - ілюзія, - засмяялася пляма. - выбіраючы ісціну, мы проста выбіраем тую з іх, якая нам больш падабаецца. Нават агульныя успаміны з тваёй сяброўкай не будуць ісцінай, бо ў вас з ёю розныя вырыянты развіцця падзей. Хоць на трошкі яны розныя. Выберы ілюзію, Джэсі. Табе не падабаецца жоўтая дарога, дык выдумай нешта іншае!
- я проста хачу дамоў!
- а адкуль ты ведаеш, што тое месца, якое ты завеш сваім домам, не яшчэ адна ілюзія? Твае сябры, знаёмыя, каханыя ... мілая Джэсі, чаму ты вырашыла, што гэта ўсё рэальна існуе? Вы, людзі, не можаце праверыць, ці праўдзіва тое, што вы бачыце, вы нават не разумееце, ці адчуваеце тое ж, што і чалавек насупраць, але вы так моцна чапляецеся за тое, што лічыце звыклым і праўдзівым!
- Я. ПРОСТА. ХАЧУ. ДАМОЎ.
ТЫ ПРЫЙШЛА ДАПАМАГЧЫ, ДЫК ДАПАМАГАЙ!
- Добра, але не кажы, што я не папярэджвала цябе - адказала пляма.
***
Джэсі прачнулася ў ложку. За акном свяціла вясновае сонейка, спявалі птушкі.
З кухні даносіўся смачны пах: муж рыхтаваў сняданак. Джэсі пабегла да яго і пацалавала ў шчаку.
- Як справы, мілая? - клапатліва запытаўся муж, наліваючы малако ёй у гарбату.
- Ведаеш, такі дзіўны сон сасніла...
Муж хутка забегаў па кухні, хапаючы па дарозе пачак цыгарэт, гальштук, блакнот і ключы ад машыны.