Новы свет 🌞
592 subscribers
604 photos
9 videos
2 files
487 links
Інфа: https://t.me/masvet_by/7

Мы суполка людзей, што ствараюць будучыню мастацтва роднай зямлі.

Мы пісьменнікі, паэты, перакладнікі, мастакі, музыкі, спевакі, рамеснікі. І мы любім беларускае мастацтва!

Падтрымка & публікацыя: @masvet_by_bot
Download Telegram
#верш
#Nichto_Absalutna

Чатыры сьцяны

Сядай на лаўку, выпі сомы,
Хай адамкнуцца дзьверы ў поле,
Хай не сталее прага к волі,
Ня слухай толькі, ня слухай толькі...

Усіх тых, хто кажа, што ты зломак,
Нясеш свае самоту, стому,
Сум і спакойны сон у загоне,
Бо тваё поле, тваё мора...
Назаўжды ў зашмаргу замкнёна.

Шкляныя сьцены - твая вера,
Парковак гоні - твая воля,
Свабода думаць сьпіну ломіць,
І ветру подыхам імкнецца
Назад дадому.

Хай усе здранцьвелі і збуцьвелі,
Хай сьвет працялі паралелі,
Усе далягляды дагарэлі,
Няхай хацець бракуе моцы,
Зьлязай з арэляў, выпі сомы.

Запі тугою з твайго мора.
Ня чуеш крыкаў, бачыш поле,
Яно бяз краю і бяз болю,
Усіх ахіне і супакоіць.

І хоць павекі ацалелі,
Зламалі горад паралелі,
Закрылі неба шырмай сьцены.
Ты не паверыш,
І ня зьвернеш,
Адзін у пустэльні.
#верш
#Nichto_Absalutna

Мой горад

Вецер сьвішча ў завулках
Шырынёю ў парсэкі,
Мой горад гулка ды глуха,
Скрозь сьлёзы сядзіць на таблетках.

Мой горад кідаецца пылам,
Сьмяецца ашчэрам бальконаў,
Гуляецца ў шахі на плітцы,
Страляецца ў тысячы скроняў.

Мой горад навезьлі з калгасаў,
Зьбіралі, бурылі, малолі.
Мой горад - ахвяра ідэі ды часу,
Мой горад ля штучнага мора.
#верш
#Nichto_Absalutna

Error_21

Гэты верш не пісала нэўронка,
А ці будзе ўсё так відавочна
Гадоў праз надцать?
Мастацтва -
Расплывістая фармулёўка.

А мо’ і пісала нэўронка,
Ад мяне рэдактура ды промпты?
Ці трэба баяцца?
Змагацца?
Ці глядзець заварожана ў прорву?

Напэўна, пісала нэўронка,
Што сама сябе лічыць душою,
Калі ўжо папраўдзе,
Спытаю,
Ці мозак ня ёсьць сам нэўронкай?
#верш
#Nichto_Absalutna

Невядомаму паэту

Ты так мала пасьпеў, даганяючы шчасьце.
Ты ляцеў, пыл курэў,
Ты так мала пасьпеў.
Дык навошта стараўся?

Шчыраваў, гнаў сябе і сумневы падалей?
Ты гарэў, дым сівеў,
Ты так шмат не пасьпеў,
Дык навошта змагаўся?

Хоць згарэў, не сагрэў аніводнае цалі,
І асеў, быццам сьпеў,
Што ніхто не засьпеў,
І вякі пад ільдом пахавалі.
#верш
#Nichto_Absalutna

Дадому.

Бадзяюся між самаспраўдных прароцтваў,
Нязьдзейсьненых мрояў,
Забытых жаданьняў...
Надзённасьць завісла ў паветры пад стольлю
Надзейна ды вечна,
Дамоклавым мечам.
Бадай, гэта стома. Бывае, знаёма?
Час быццам нявечыць,
Пусьціце пагрэцца
#верш
#Nichto_Absalutna

ГОСТ 11214-86

Міжпакаёвым вокнам прысьвячаецца

Акно ў бэтонны калідор
Без асьвятленьня.
Хто пасадзіў цябе пад столь?
Які злы геній?
Чаму, заміж сьвяціць ў пакой,
Чарнееш зеўрай?
Які фанат у базальце норм
Зрабіў пакідзішчам сярод
Глухіх панэляў?
#верш
#Nichto_Absalutna

Зламаная пэрспэктыва

Давечнасьць ліецца зорамі у вокны,
Парэпанай масай праз драпіны ў раме.
Забытае цеста са страху ды смагі,
Шукае адхланьня ва ўцёках з духоўкі.

Зламаная сьцежка між церняў нябыту,
Што раняць пад чэрап, наводмаш пашыты,
Я сёньня бяз грошай. Ня дам цыгарэты,
Няўжо так падобны?
Пакіньце, ня выйце.

Я ведаю выйсьце, ня бачу ўваходу.
Я тут. Толькі дыхаць няёмка, дазвольце?
Няможна? Ну што ж, мне вядома.
Дарослыя людзі.
Мы з вамі? Забудзьце.

А знаеш, усе неба чапаюць па-свойму,
Кідаюць сабакам разьбітыя косьці.
Зашклёныя вочы мігцяць. Не крыўдуйце.
За імі сьняць зоры зьнябытыя людзі.


• • •
#верш
#Nichto_Absalutna

Мартыда

Доктар скажа: ты памрэш праз тры гадзіны,
Праз два дні, праз тры гады, чатыры тыдні,
У час ліхі ды ў час тужлівы
Шмат хто з нас чакаў і марыў,
Як ляжыць бляды ў магіле,
А ўгары ірвуцца хмары.
На кавалкі.

Дыктар скажа: нам капцы празь пяць хвілінаў,
Не зьміргні, у акно глядзі, чакай на дзіва,
У час нуды ды ў час абрыдлы,
Шмат гадоў гукаў і бачыў,
Як цьмянее сьвет, што прысак,
А ўгары шугаюць хмары.
Бы запалкі.


• • •
#верш
#Nichto_Absalutna

Лістападаўскі голад

Цішыня ловіць сонца, шум дарог гасіць зоры,
Гэта ўсё не істотна, ці мой сябар, ці вораг.
Мой адзіны чытач у далёкім мінулым,
Хто ты ёсьць і нашто круціш неба ў калюжах?

Ставіш музыку лісьця, помніш ветру абрысы,
Вось бы гэтага збыцца, распрануцца, забыцца,
Басанож на мароз і крычаць да прастуды,
Зьнітаваць хрып свабоды з заінелай пакутай.

І ўглядацца да рэзі, і кідацца на дрэвы,
Бо маўчаць, адпусьціўшы дзяцей і спадзевы,
Загарэцца ад сьцюжы, скарачаючы ночы,
Але рукі ў кішэнях грэюць лепей за волю.
#верш
#Nichto_Absalutna

Рамкі

Мне хочацца дыхаць, сьціскаюць вакол,
Аточваюць рамкі ад фотак бацькоў,
Жыцьцё па альбоме зь зіготы пайшло,
Нібыта па рэйках - пад вечны адхон.

Мне хочацца марыць, ды цягнуць на дно,
Цяжэнныя рамкі ад фотак дзядоў,
Гарэлыя плямы нябачных лістоў,
Нясьцерпныя раны няспраўджаных сноў.

Мне хочацца верыць, што гэта ня ўсё.
Пазбудуцца рамак хоць фоткі сыноў.
Агораны ў болю няўмольны штуршок -
І мёртвыя вочы дрыжаць па-за шклом