Новы свет 🌞
594 subscribers
597 photos
9 videos
2 files
483 links
Інфа: https://t.me/masvet_by/7

Мы суполка людзей, што ствараюць будучыню мастацтва роднай зямлі.

Мы пісьменнікі, паэты, перакладнікі, мастакі, музыкі, спевакі, рамеснікі. І мы любім беларускае мастацтва!

Падтрымка & публікацыя: @masvet_by_bot
Download Telegram
#верш
#Сьвятлана_Зьнічка

«Непаўторная восень»

*
Імховы пах даўно ўжо звыклы мне
Настолькі, што балюча.
Бясконца лёс сваю пагібель гне,
Ліе адвар пякучы...

Ланцуг нябачны шыю сціснуў мне
Так моцна, што балюча.
Я мушу назіраць, як вецер рве
Лісты пасмы сыпучай.

Нашто мне ведаць жах пакут сусветных,
Боль кожнага лістка,
Калі сябе я задушыла ў нервах
І сталася хістка?

Забыты і схаваны ў чорнай глебе
Спакой, і нат у снах
Не ўваскрэсне болей спелай рэпы
Духмяны, горкі пах.

Прытулак мне цяпер – мая зямля,
Магіла мне блізка.
Упала – і кладуся долу я
Да жоўтага лістка.


*🍂 Telegram
#верш
#Сьвятлана_Зьнічка

«Крывавы Шлях»

*

Мільёны кіну перуноў
У тых, каго я знаю,
У тых, маю што сочуць кроў,
У тую чорну зграю.

А.Гарун

*

Цікаўнае вока глядзіць на мяне,
З нябёсаў цьмяных назірае
За капляй крыві на маім рукаве,
Што зоркі
па небе
пускае.

Па вёсцы прайшла пагалоска, маўляў,
Хтось бачыў дзіўное здарэнне:
Уночы свяцілася неба – а я
Хаваўся
у глыб
сутарэння.

Казалі, што неба працялі агні
Халодным замогільным бляскам.
Не дзіва зусім, што пачуць не маглі
Зубоў маіх
трасцавы
ляскат.

У пошуках белых анучак для ран
Натрапіў на мёртвыя целы –
Пакуль праліваў я крыві акіян,
Яны яе
лілі
ў землю.

Ахінуў я зноў вёску чорнаю коўдрай,
Пачаў разбінтоўваць рукі –
Як раптам пачулася бразганне вёдраў
І грукат
жалезнай
папругі.

Імкліва страла перасекла паветра,
Ляцела наўпрост у мяне,
А людзі крычалі скрозь яркае пекла,
Што вочы
заслала
мае...

Маўкліва сядзеў я пад кронаю дуба,
Глядзеў на нябёсаў узоры.
Хоць рукі мае забінтованы туга,
Знайшоў я,
з каго зрабіць
зоры.

Цікаўнае вока глядзіць на мяне,
З нябёсаў цьмяных назірае
За капляй крыві на маім рукаве,
Што зоркі
па небе
пускае.


Telegram

* 🌌🫀
#верш
#Сьвятлана_Зьнічка

«Вечарніца»

Сядзіць пад вокам Вечарніцы,
Нібы пад струменем газніцы,
Нягеглы сталы чалавек.

Нязграбна ахінуўшысь у плед, –
Каб нельга было бачыць, хто там, –
Глядзіць на свой пражыты век
І бачыць там адны суніцы,
Сасмяглыя салёным потам,
Цяжкую працу па-за дротам
І той пякельны мёртвы снег.
Пад ім – нямоглы чалавек.

І паўтарылася вясна,
І восень гэтаксамая.
Жахлівая была зіма:
Палегла ўся сям'я мая...
Ганусіна віна прад кім?
Нашто ахвяраваў сваім
Дзіцёнкам я тады, нашто?!
Ды будзь я біты разаў сто,
Дачку бы не аддаў чужым!
Шапнуў тады я ёй: «Бяжым!» –
І кінуўся з дзіцём наўцёкі...

Хто зорам даў судзіці права?
Не можа, хто не дох ад спёкі
І не хаваў дзіця ў рове,
Забраці на свабоду права!
Я чую моц ў нашым слове.
Захочам – пакарым дарогі,
І чужакоў, і лёс убогі.
Шляхамі птушак знойдзем мы
Пуціну шчасця праз гады.

Марудна гасне Вечарніца,
Стае над лесам ноч-царыца,
А поруч з ёю – беларус.


*🌌⛓️ Telegram
#верш
#Сьвятлана_Зьнічка

«Ой шуміць Падвей»


Ой шуміць Падвей губаты,
Не сціхае ні на міг.
Дзесьці енчыць пёс цыбаты.
Месяц поўны ў хмарах знік.

Хата спіць ці грае дурня,
Што не чуе шэпт глухі,
Як скрабецца ўнутр фігура
І чакае ля сахі.

Беды ходзяць дружным гуртам,
Не даюць заснуць уначы
І не сыдуць з хаты друга –
Колькі хочаш ты крычы.

Раз – і мілая Ганулька
Знойдзена каля вады.
Два – малодшая Настулька
Ёсць нявесткай пры дзяды.

Тры, чатыры – жыта згніла,
Бульбы не спытаеш чэсць.
Пяць і шэсць – дзіцятка скібу
Хлеба леташняга есць.

Покуль Ганначка жыва,
І духмяны хлеб у печы, –
Хай працуе галава,
Не спяшайся ў ложак легчы.

Хата спіць, а пёс цыбаты
Прадракае горкі крык.
Ой шуміць Падвей губаты,
Не сціхае ні на міг.


*🌫️⛓️
#верш
#Сьвятлана_Зьнічка

«Як, скажыце, жывыя з лесу выбраліся!.. Лес той – то буў ціхі, а то зрабіўся страшны – гудзе, скуголіць, як на хаўтуры... А ў тым гудзе – чую – як бы костачкамі стукае мярцвяк... Ідзе за намі, блізенько, рукой дастаць, і – стукае... Стук-стук... Стук-стук...»

*

«Вядзьмар»

Гэй ты, дружа, беражы
Свой фарсісты чуб!
Недалёка да мяжы
З светам страшных згуб.

Ліставей ссыпае злосна
Выклінанняў пуд.
Раптам стане хлопцу млосна,
Пахіснецца чуб.

Хораша ў пушчы ўвосень,
Долу мох расце,
На курганы ценем просінь
Часам упадзе.

Як бы зведаць, хто схаваны
Коўдраю з лістоў!
Хто зарыты ў курганах
Сілаю багоў?

Ці не той, хто жарты строіў
З імем чарадзея?
Хутка разбурыў ён мроі
Хлопца-ліхадзея.

Ой бушуе ветрык злосны,
Кліч «Вядзьмар!» уздымае,
Сочыць з ценю постаць грозна,
Ціха падступае.


*🌫️🍂 Telegram
Вітаю! Дзякуй, творцы, за вашую дзейнасць! Яна будзе жыць у вяках, як і беларушчына! Разам мы зможам перашкоды! А пакуль дасылаю наш са Стэфі твор ❤️

#пераклад #песня #музыка
#Сьвятлана_Зьнічка
#Стэфі_Ларэнца

Аўтар песні: Stefi Lorenzo
Пераклад: Сьвятлана Зьнічка

«Зорная ноч»

*
Чаму ты не са мной,
Калі мне трэба паказаць табе
Свет свой?
Чаму ты пакінуў родны дом?
Мне трэ паказаць,
Які прыгожы ён.

Хтосьці можа казаць,
Што мінуўшчыне час дараваць,
А я не магу, не магу.
Ты бачыш: йду па вастрыю.

Толькі розум я згублю,
Свет абернецца ў цьму,
Я знайду, я знайду
Ключ да былых дзён.
Дружа, вочы ты раскрой,
Ведай, што станем гарой
Мы з табой, мы з табой.
Ведай, што знойдзем спакой
У зорную ноч, ноч, ноч, ноч…

Проста хочацца, каб
Ты ўбачыў нябёсы,
Проста хочацца, каб
Ты жыў у раскошы.
Я ўжо раблю так,
Няма шляху назад.
Дай руку і глядзі,
Колькі цудаў у жыцці.

• • •

Сьвятлана:
Telegram

• • •

Стэфі:
Telegram
YouTube

• • •
#верш
#Сьвятлана_Зьнічка

«Белы комін»

*
Трапяткая зеляніна
Наравіць зляцеці долу:
У спустошанай даміне
Вецер шпаркі чуе волю.

Дзе падзелі спевакоў?
Змоўк святочны гоман у хаце.
Грэе комін ад вякоў –
Няўжо ж ты адзіны, браце?

Белай фарбай маляваны,
Ціха-ціхенька трашчыць
Ён агнём зіхоткім, вабным –
Усё жыве, як мае быць.

Пакрысе агонь з'ядае
Тлустыя кавалкі плоці.
Іх ля коміна нядаўна
Кінуў як ахвяру хтосьці.

Поблізу няма каханай.
З кім жа комін ажаніўся? –
Адзіноце ён адданы,
Да якой уноч туліўся.

І не прыйдуць людзі ў хату,
Не запаляць тут багацце.
Комін стаў сам-насам з катам –
Вечна шлюбнае закляцце.

Пакрысе агонь марнее.
Вочы цьмяны рве пясок.
Згасла ў коміне надзея,
Змёр і трапяткі вянок.

*🌫️🥀🍃
#верш
#Сьвятлана_Зьнічка

«Чорная ноч»


Недзе дагэтуль бадзяюцца людзі,
Шоргат лістот і тканін рэжа слых.
Зьлеглі чарнявыя хлопцы ў брудзі,
Болей ня чуюць ланцуг гукаў тых.

Зьмешвае кучары вецер з гразёй
Хоць далікатна, – ужо ўсё адно.
Зроблена шмат, ды і гэта ня ўсё,
Многа шчэ трэба зрабіці. Было.

* * *

Сонца паволі ніжэла за лесам.
Хлопцы кляліся крывёю сваёй, –
Дрот небясьпечны дрыжэў тады ўверсе, –
Жыць, і любіць, і змагацца з хлусьнёй.

Рукі бароняць упартыя сэрцы,
Легчы ня могуць яны па баках.
Можна забіць, але толькі ня сьцерці
Іх, бунтароў-сьпевакоў, у вяках.

* * *

Ледзьве шуміць велікан-ясакар,
Сьлёзы яго шамацяць у цішы.
Згінуў у жыце мяцежны бунтар –
Вольнаму ж клічу ня мае мяжы.

Чорная ноч не згасіла сьвятло.
Дорыць прыемнасьці раніца саду.
Зьвесіць хацелі на шыю ярмо,
Ды немагчыма забыцца на праўду.

Сонца зайскрылася на гарызонце,
Бляскам адбілася ў чорных вачах.
Хтосьці ўжо паміж могілак ходзіць,
Песьні складае аб хлопцах праз страх.

Пыл абавіў маладыя галовы.
Стынуць гарачыя сэрцы ў грудзях.
Вецер разносіць па вуліцах словы:
«Жыцьме народ мой – жывы буду я!»

* ◼️🍂

* Творчы канал аўтаркі
#верш
#Сьвятлана_Зьнічка

«Так ці не?»

Ночка села на парог,
Змоўк Падвей у садзе.
Токмо беленькі клубок
Скок ды скок,
Скок ды скок,
Скок – і знік у хаце.

Сьлед сьмярдзючы цягне ён
Зь сенцаў і да ложку,
Нібы даўні бацька-лён.
Крок ды крок,
Крок ды крок,
Крок – паплачам трошку.

Што шчэ можа так хавацца
Ад людскіх вачэй,
Як ня помсьлівая цаца?
Рып ды рып,
Рып ды рып,
Рып – няма начэй.

Зьнешнасьць можа падмануць,
Як душа бяз клямкі,
То нашто бядзе цягнуць?
Грук ды грук,
Грук ды грук,
Грук – і рыцьмем ямкі.

Мо празь дзень, а мо праз рок
Сьмерць давацьме плён.
Вось кругленькі парсючок
Рох ды рох,
Рох ды рох,
Рох – і згінуў ён.

Роў сабака як шалёны,
Бо пачуў ліхога,
Ды ніхто ня чуў праклёнаў.
Гаў ды гаў,
Гаў ды гаў,
Гаў – няма рудога.

Хмурна неба назірала,
Як цялушку рвалі, –
Сьцераглі яе мо мала?
Мук ды мук,
Мук ды мук,
Мук – жыцьцё ўкралі.

Між таго ў ноч Дзядоў
Сполах узяў малую –
Хтось сьціняўся у вачох.
Плак ды плак,
Плак ды плак,
Плак – бацькі бядуюць.

Зьвер штовек латошыць нас,
Кроў зямліца п'е.
Ці настане шчасны час?
Так ды не,
Так ды не,
Так – коль прага е.

Ночка села на парог,
Змоўк Падвей у садзе.
Токмо беленькі клубок
Скок ды скок,
Скок ды скок,
Скок – і зьмёр у хаце.


* 🌫️⛓️⚔️

Канал аўтаркі