Новы свет 🌞
597 subscribers
595 photos
9 videos
2 files
481 links
Інфа: https://t.me/masvet_by/7

Мы суполка людзей, што ствараюць будучыню мастацтва роднай зямлі.

Мы пісьменнікі, паэты, перакладнікі, мастакі, музыкі, спевакі, рамеснікі. І мы любім беларускае мастацтва!

Падтрымка & публікацыя: @masvet_by_bot
Download Telegram
#верш
#Хросная

Позірк твой -
нябесны,
нібыта кінжал.
Мне дурноты хапае
сваёй.
Каб скрываўленаю
ляжаць
Заціскаючы
ноч
сабой.
#пераклад
#T_S_S #Хросная

Сумесная праца з Хроснай. Пераклад песні пра кветачку. Цяпер у выглядзе відарыса 🌼
#верш
#Хросная

- Куды йдзеш ты, красна дзеўка
Цёмны лёс?
- Ой, гарыць у лесе штосці
да нябёс
Чую, чую дзіўны зыкі
у начы
Памаўчы ты, міла маці
не крычы
Не стрымаюць мяне дзверы
ды замкі
Кліча, кліча ў лес дарога
на вякі
Танчаць там ліхія ведзьмы
цэлу ноч
Ты за мною, міла мама
Ой, не кроч

-  Ой куды ты, міла донька,
ды ідзеш?
Ой чаму ж ты боцікі
не бярэш?

-  Я парву там, люба маці
сто спадніц
Не хачу я чалавечых
вечарніц

У лесе Мёртвая Княгіня
правіць баль
Яе словы - нІбы птушкі,
вочы - сталь
Яе рукі - касцяныя
Ой, пякуць
І таму мне гэтай ночкай
не заснуць

Расплятуць мне, люба маці
валасы
І да веку не сабраці
касы
Не бярэ мяне ні соль
ні вада
У вачах маіх не слёзы -
руда

Не стрымае ланцуг,
крыжы
Калі ноччу сустрэў -
бяжы


Прыйду рана-раніцою
басанож
Сваё сэрца, міла маці
трывож
Вусны маю я чырвоны
у крыві
Прызнаюся шабашу
у любві
#верш
#Хросная

У Нясвіжы
гісторыя прабіваецца
праз паток
турыстаў, асфальтавых сцежак
і кінжалаў
электрычнага святла

Калі стаць на герб трубы
што намаляваны
на падлозе
і прыдумаць жаданне,
то жаданне -
споўніцца.
Трубы - быццам
спінэр
Калі іх круціш -
бясконцы рух.

Так сказала
экскурсаводка.

Подлінікі экспанатаў
Бясследна зніклі
Ці
знаходзяцца ў Польшчы, Расіі
Італіі.

Нам дазволілі
зняць копіі.
Гэта рэканструкцыя.

Нам пашанцавала
вярнуць.

У савецкі час
тут быў
працэдуры кабінет.

У савецкі час
знішчылі
перадалі
нацыяналізавалі

Бясконцы калідор
з люстэрак
у канцы якога -
цемра.
Быццам бы
увасабленне
шляху
маёй
краіны

Скрозь час і прастору.

     цемра і адбіткі.
     А потым - аскепкі.

У краме сувеніраў
раблюся Дыягенам -
шукаю надпісы
па-беларуску.

Купіла магніцікі і значок.

Занадта мала
патраціла
грошай.

Я іду па брукаванцы
І па залах палаца

там
таксама хадзілі
гістарычныя асобы.

Слёзы і боль
Вар'яцкасць і жорсткасць
Каханне і магільны
холад
Якія
зараз прэпаруюцца
для вушэй цікаўных турыстаў
якія цераз хвіліну
забудуць
усё

Абавязкова апранайце бахілы!

Мае чырвоныя боты
у сініх бахілах

Быццам бы
неба
у крыві.
Ці кроў -
у небе.


Стылёва, модна, маладзёжна

На сувенірах
Будынкі, мужчыны, зброя, герб

І толькі шакаладка -
з Барбарай
Радзівіл.

Выходжу з палаца -
Ідзе дождж.
:
Неба плача
па Беларусі.
#верш
#Хросная

Глядзі ж! зусім я хворая
Сэрцам і галавой
І ў любаванні зорамі
Мне не знайсці спакой

Мне не знайсці спакой
Быццам гару... Астыла.
Уласнаю я рукой
Усё гэта нарабіла

Усё гэта нарабіла -
Холад і жар пякельны
І мне самой не мілы
Енк тых віхур
суцэльны
#верш
#Хросная

***

Хоць мы
І разламаныя
Але ВАМ
нас
не разламаць
не знішчыць
Не заблюрыць
І не выкрасліць
Мы жывём
дыхаем
Мы сярод вас
І мы не здохнем -
вам на зло.
Нават калі
нас развеяць
вятрамі
Змалаціць
цапамі
Мы ўсё адно
не станем
мукою
у вашым хлебе
А станем каменнем
аб якое вы зламаеце
свае змяіныя зубы.
Нашыя рукі
ператварыліся ў сцёблы руж
зачэпіш - паранішся
аб вострыя шыпы.
Мы будзем
мазоліць вам вочы
Аж пакуль яны
не выцекуць з твару
І не ўпадуць на зямлю
радыяактыўным
попелам
Зямля будзе крычаць
як крычалі мы
Бо мы - таксама зямля
Хоць вы
адмаўляеце нам
Нават
у гэтым.

──────≪✷≫──────
#верш
#Хросная

Не кахайце паэтаў, дзяўчаты
Вы станеце
катуючай ці катуемай
Сэрца
між рэбраў распятых
Ператворыць вас
у Святую.

Быць Святой -
страшнае катаванне
Комплекс "мадонна-блудніца"
працуе так:
У віхуры жарасці
і прызнанняў
Музу
заб'е
Мастак.
#верш
#Хросная

Вершы
занадта рэлігійныя
для атэісткі.

Каб
Пазнаць
бога
трэба
Спачатку
Пазнаць
д'ябла

А я
яшчэ
не навучылася
Цалавацца.

──────≪✷≫─────
#верш
#Хросная

Ружовыя акуляры
Б'юцца
шклом унутр.

У мяне такіх акуляраў -
Тысяча пар.
Я надзяваю іх
кожную раніцу.

І стаю ля люстэрка
Гадаючы:

Як жа яны
разаб'юцца
сёння?

──────≪✷≫─────
#верш
#Хросная

Калі настане час
збіраць камяні
То будзе ўжо позна
думаць аб ружах

А я ем ружы
І іхнія шыпы
рэжуць мне
горла.

Калі ж ужо

настане

час
камянёў?
#верш
#Хросная

Здаецца, што рэкі
даўно выйшлі з берагоў
І мы жывем пад вадой

Лыпаем лупатымі вачыма
Выстукваем жабрамі
жабраванне
І тупа
адкрываем рот.

Рыбы не ўмеюць гаварыць.

А можа, не хочуць?
Лічаць, што
іх вялікія
суродзічы
занадта дзіўныя
Незамаскіраваныя ў вадзе
І з вычварэннымі
плаўнікамі?

А можа гэта проста
Разлілося вялікае балота
І людзі НА балоце
Сталі
Людзьмі Ў.

──────≪✷≫──────
#верш
#Хросная

Глядзець на месяц - дрэнная прыкмета
Так у народзе чулася здаўна
Таму й, напэўна, вершамі адзета
Дзівацтвам цалавана дап'яна

Аслепла я ад промняў месяцовых
І па зямлі, як хісткая, хаджу
Ды пад нагамі цвёрдую аснову
ні ў Бога, ні ў чорта не прашу

Таму й, напэўна, збітымі каленьмі
Так цягнуць камяні мяне назад
Урэшце - словы дзікага малення
Не панясу на вогненны пасад

Таму й, напэўна, лепш пішу начамі -
Рукою водзіць месяцовы свет
Калі ж адчую раніцу вачамі -
То знікну, не пакінуўшы прыкмет

Знікаюць ранкам месячныя промні
Вадою талай - змыюцца сляды
Я пагляджу - і твары не запомню
Ісці адной - на доўгія гады...

І шлях мой ператворыцца ў staccato
Мае кругі - прыцягваюць да дна
Ды ў гэтым я сама і вінавата -
Дзівацтвам цалавана дап'яна

Аслепла я ад промняў месяцовых
І па зямлі - вар'яткаю хаджу
Ды пад нагамі цвёрдую аснову
ні ў Бога, ні ў чорта не прашу
#верш
#Хросная

Я адкрываю шуфляды
у шуфлядах зямля
Зямля на падлозе
і ў талерцы
І старонкі кніг
Асыпаюцца
чорнымі гурбамі
Я ем зямлю і зямля
робіцца мною
І я адчуваю яе боль
Адчуваю яе боль

А потым
На наступны дзень
Я ванітую зямлёю
І спрабую забыцца
На яе боль і на яе
праўду.
Таму што ведаць
гэтую праўду - невыносна.
І таму я зашываю
ўласныя вочы
баючыся
зноў убачыць
што ў шуфлядах - зямля
зямля на падлозе
І ў талерцы
І што кнігі мае
таксама зямля.
Баючыся
Адчуць
Яе
Боль.

────≪✷≫────
#верш
#дзеньроднаймовы
#Хросная

Ураборас
бясконца
з'ядае
сябе.

Так бясконца
што ўжо забыўся
ці быў калі-небудзь чымсці
акрамя фаршу

Скажы,
Ці падлічым мы
аднойчы колькасць
могілак,
якія рассыпаныя
па нашай гаротнай зямлі
так,
што здаецца -
нават цені
нашых слядоў
бясконца
трапляюць
на косткі
?

А нашыя сляды -
уціснутыя ў зямлю,
бо мы ідзем тым шляхам,
якім ішлі мільярды
да нас.

А нашыя сляды -
уціснутыя ў зямлю,
бо наш край
ніколі не
меў
часу спакою.

Ураборас
бясконца
з'ядае
сябе.
#верш
#Хросная

Падары мне не-час
Падары не-зіму
Каб агеньчык не згас
Невядома чаму

Падары мне не-век
Падары не-гады
Падары мне не-снег -
І пайшлі - не-туды

Падары мне не-цень
Падары не-спакой
Каб затлумлены дзень
Я закрыла сабой
#верш
#Хросная

І дзякуй богу, што іх не было
Спатканняў, пацалункаў і прызнанняў
Бо ў сэрцы хутка дагараць дазвання
І дзякуй богу, што іх не было.

І дзякуй богу, што яно прайшло
Каханне. быццам страшная хвароба
Што сэрца жрэ і разарве вантробы
І дзякуй богу, што іх не было.

Спатканняў,
         пацалункаў
                 і прызнанняў...
#верш
#Хросная

На
адным
слупе
людзі
змайстравалі
металічную аснову
для буслянкі.

А буслы
прылятаюць
вясной
І майструюць гнёзды
ужо
на іншых слупах
быццам бы металічная аснова
увап'ецца ў
жывое цела
буслянкі
і высмакча
кроў.


Ці проста буслы
хочуць быць
вольнымі
нават
у гэтым.
#верш
#Хросная
Калі вясна ахутвае зямлю
Сабе я падаюся бессмяротнай
І болей не гляджу ўжо самотна
Калі вясна ахутвае зямлю
І сэрца б'ецца нібыта палётна
І мроі апускаюцца ў раллю
Калі вясна ахутвае зямлю
Сабе я падаюся бессмяротнай
#верш
#Хросная

Страшны век нам трушчыць косці
Божа, барані!
Як жа думаць, ягамосці
аб наступным дні?
Страшны век - згуляе хеўрай
Сон то ці не сон
Не спявае песень крэўных
калакольны звон
Песні - птушкі, ззяе сонца
як у кожны час
Можа, будзе й нам аконца
як было да нас?
Хай жа ўецца завіруха
доўга ёй не быць
І за шчасцем, і за скрухай
жылі й будзем жыць
За зімой прыйдзе адліга
так было заўжды
Так расказвалі нам кнігі
доўгія гады
І тады, тады растаюць
чорныя снягі
Песня, думка акрыяе
згубіць берагі
Хай не з золата і срэбра
Ды жыве ж, жыве
І застанецца ў рэбрах
нават у дрыгве
Паляціць яна далёка
ды ў вольны свет
Не пашкодзяць ёй аблокі
плётак і прыкмет
Яна ўзнімаецца высока
На сівы прастор
І ўсюды, кінеш вокам
будзе ёй узор
Хай жа танчыць завіруха
доўга ёй не быць
І за шчасцем, і за скрухай
жылі й будзем жыць