Новы свет 🌞
598 subscribers
594 photos
9 videos
2 files
480 links
Інфа: https://t.me/masvet_by/7

Мы суполка людзей, што ствараюць будучыню мастацтва роднай зямлі.

Мы пісьменнікі, паэты, перакладнікі, мастакі, музыкі, спевакі, рамеснікі. І мы любім беларускае мастацтва!

Падтрымка & публікацыя: @masvet_by_bot
Download Telegram
#верш
#вікця_жытнік

ад пацалункаў дажджавых
я не схаваюся пад дах прыпынка
аддамся жарсці і пяшчоце
ў абдымках ветру
то мая любоў
да дрыжыкаў праймае холад
нудзіць і вельмі горача ў грудзях
гэта не слёзы -
усяго толькі залева
гэта не боль і злосць
то ураган, то вецер
у навальніцу
яшчэ чутна
як боль наскрозь працяў душу
#верш
#госць
#лін_b

а віною ўсяму твае вочы,
быццам мора празрыстыя хвалі.
ад іх позірку сэрца клакоча.
і балюча, што сэрца са сталі.

а надзеі я ўсё ж не губляю,
бо і сталь можа мяккай зрабіцца,
і далей табе кветкі збіраю,
каб вачыма тваймі захапіцца.
#верш #Май_Верас_Цалаваў
кароткі літагляд

эпісталярная ліатаратура
становіцца карацей
разьдзел цягнецца
ў адно паведамленне
прабач па-сяброўску Пліній
Вэзувій рана ці позна
сьцхне
санэты ў вянку
па адным радку
не прабачай Пэтрарка
кажуць
няма калектыўнай віны
толькі адказнасьць

тг: https://t.me/mien_harbata
#фрашка #ЯнКалупака

літаратурная старонка дзяржаўнай ґазэты кажа:
продаю язык
говяжий
#верш
#вікця_жытнік

калі-небудзь
(магчыма, заўтра?
мне хочацца ў гэта верыць)
я вас вазьму за руку
мне будзе няёмка
і сорамна
(як сёння,
калі я ішла з вамі побач,
альбо
напэўна
яшчэ мацней)
магчыма, я заваюю
пяшчотны ваш пацалунак
(спадзяюся, не толькі ў мроях)
я вам ахвярую усмешку
і любоў
(няма нічога каштоўней)
і разганяючы думкі
(вельмі вільготныя
вабныя
ад іх адмовіцца цяжка)
думаю толькі што
калі-небудзь
(магчыма, заўтра?
мне хочацца ў гэта верыць)
я вас вазьму за руку
і вам ахвярую усмешку
#ADM
#рэк

Вітаю! Хачу парэкамендаваць вам беларускамоўны канал, у якім змяшчаюцца (і будуць змяшчацца) старыя беларускія фота, мапы і іншае, што звязана з Беларуссю. Падпісвайцеся!

Спасылка: https://t.me/belarusium
#верш
#госць
#Хросная

Усім Сустрэнутым на хвіліну

Я не забуду Вас ніколі
І Вашыя ясныя вочы.
Пагляд - пазбаўленне волі.
І плашч колеру ночы.
Раптоўна позіркам скрыжаваная,
І прывід Вашай усмешкі.
Хвіліну стаю, апантаная
І далей разыходзяцца сцежкі.
Зноў не сустрэну ніколі
І болей Вас не пабачу.
Пагляд - пазбаўленне волі
Ды за яго не аддзячу.
#верш #Май_Верас_Цалаваў

людзі кажуць —
мастак мае быць галодным,
Барт, што аўтар памёр —
відаць, ад голаду.
у найгоршыя часы
ён аблізваў канчаткі,
старанна жаваў скланеньні,
калі грыз раман,
актыўна пляваўся коскамі,
кропкі выходзілі потым самі.
з усімі разьлікамі гнаў эпітэты,
не аддзяляючы ні галовы,
ані хвасты,
пакуль не анямеў, як рыба,
не асьлеп, як Гамэр,
страціў смак
і густ.
у прычыне сьмерці:
атруціўся.

тг: https://t.me/mien_harbata
#верш
#Nichto_Absalutna

Цыдулка самазбаўцы

Зноўку прачнуўся.
Чатыры сьцяны,
Бы вартавыя, ахоўваюць ранак.
Голас бяз вуснаў,
Кіпень без вады,
Разьбітым дамкратам ссутулены карак.

Дзе я? Нашто я тут?
Што чакае за паваротам?
Жыцьцё скончыцца з апошнім пралётам -
Апошнім палётам.

Усе гады, бы нячутны гук,
Белы шум
Астабрыдзелым фонам.
Я больш ня чую сэрца стук,
Сотні дум
Надакучлівым звонам.

Дзе я? Нашто я тут?
Што чакае за паваротам?
Жыцьцё скончыцца з апошнім пралётам -
Апошнім палётам.

Позірк на неба, цень на зямлю,
Балюча і страшна.
Свабодна і горка.
Бяру тэлефон, колькі словаў пішу.
Хутка ўніз.
Скрозь скляпеньняў зьмярцьвелае гольле.

Там чакае сьпіс маіх мараў,
Як чакае шыба бінокля.
Цяжкі ўздых.
Жоўты ліст.
І зваротны парадак пралётаў.
Сотні заўтра.
І ўчора.
І сёньня.
Дзеля іх мушу жыць.
Дзеля іх мушу лётаць
У падстольлі.
#верш
#вікця_жытнік

я веру што болю не стане
што далей будзе воля
бясспрэчна
развернецца і паўстане
з душаў нашых пустэчаў
з жалобы
з агнёў яднання
з сэрцаў працятых мечам
з кожнага парывання
з самотных магільных свечаў
з уздыхаў
са слёз і з гора
але
лепей далей не будзе
далей будзе толькі
горай
#выраб
#госць
#Kot_de_Prince_Murasaki_Sin

Настаў час трэцяй закладкі!
Гэта самая шырокая з закладак і пры гэтым - самая маленькая)
#верш
#госць
#Хросная

Ты верыш, што не мару быць чужой.
Хачу да ранку я не спать начамі
Глядзець на свет вялікімі вачамі
Ты верыш, што не мару быць чужой?

Ты верыш, мабыць, вырашыў сам бог
Шукаць сваю сярод чужых дарог
Не ведаць, ці на баль, ці ў астрог
Ты верыш, мабыць, вырашыў сам бог?

Ты верыш, што я мару быць сабой
І танчыць, як сустрэўшыся з каханнем,
Не думаць, што закончым усё растаннем.
Ты верыш, што я мару быць сабой?

Ты верыш, што я мару Сонцам стаць
Дарыць табе і шчасце, і ўсмешкі.
Прайсці з табою ўсе адразу сцежкі.
Ты верыш, што я мару Сонцам стаць?

Ты верыш, мабыць, дзесьці грае свет.
І мы жывем ад страты і да страты
Ідзём ў доўгі шлях ад роднай хаты.
Ты верыш, мабыць, дзесьці грае свет?

Ты верыш, што не мару быць чужой
Хачу да ранку я не спаць начамі
І прыгажосць фатаграфаваць вачамі.
Ты верыш, што не мару быць чужой?
#верш #пераклад
#Май_Верас_Цалаваў

Да Мэцэната
(Maecenas atavis edite regibus...)
Гарацый / Horatius

Мэцэнаце, унук царскіх валадароў,
абарона мая і асалода ты.
Знойдзеш розных, каму пыл алімпійскі на
палкіх колах падняць наівялікшы дар,
Абагнуць ім карціць мэту¹, каб пальму² ўзяць,
што ўзьнясе да багоў, гаспадароў зямлі.
Гэты прагне ляпей, каб наравісты тлум,
што Квірытамі³ зваць, тройчы⁴ пашану даў.
Шчасьце гэнаму, як жытніца ўласная
поўніцца ад даброт, Лібіяй⁵ ўзрошчаных.
Як у радасьць каму бацькава абрабляць
поле, то ўжо нішто, Атала⁶ нават скарб,
не прымусіць яго мора Міртойскае
як марак рассякаць судзінай кіпарскай⁷.
Бітва страшная так Афрыка⁸ з хвалямі
Ікарыйскімі для простага гандляра.
Хоць і славіць спакой родных мясьцін, але
правіць судзіны, бо беднасьць пужае больш.
Хтосьці любіць урваць колькі гадзінак, каб
дзесь з масыйскім⁹ віном легчы як найзручней
пад сунічным кустом, што заквітнеў, або
ля вытоку ракі, ля запаветных вод.
Шмат хто лягер абраў, грукат трубы й ражку
перамешаны і так ненавісныя
войны ўсім мацяркам. А паляўнічага
ўзімку¹⁰ ў дом не загнаць жонкі пяшчотамі —
вунь ужо шчанюкі верныя лань грызуць,
дзік марсыйскі даўно сетку шалёна рве.
Ставіць побач мяне слаўных адзнака блюшч¹¹
зь веліччу ўсіх багоў. У прахалодны гай
ад натоўпу нясуць німфы з сатырамі
ў карагодах мяне. Хай жа Эўтэрпа¹² ня
стане флейты спыняць, а Палігімнія¹³
ліру Лесбаскую¹⁴ зладзіць згадзілася.
Далучы ты мяне да песняроў лірных —
Тут жа зорную гладзь я галавой крану.

Пераклад з камэнтарамі ў тг: https://t.me/mien_harbata
#фрашка #ЯнКалупака

нашчадкі ўсміхнуцца нясьмела
з нашых уяўленьняў
пра канец сьвету.
#проза
#госць
#паў_радзімічанка

Цітусу Далеўскаму

Праз чатыры гады, як атрымаю бакалаўра, мне будзе ўсяго толькі на год менш.

Пускацца ў сентыментальныя думкі найлепш было б дзесьці там, на Лукішках, але ж хіба нябожчыкам падабаюцца мясціны, абмытыя іхняй жа крывёй? Ці не вяртаюцца чалавечыя душы пад родныя стрэхі, разбураныя цяжарам стагоддзяў, каб там, седзячы на парэштках фундамента, сумна круціць з тытуню самакруткі: чым яшчэ займаюцца маладыя пасля смерці?

Ці баліць пасля смерці ў грудзёх? Напэўна, па той бок сябрукі з рогатам ляпаюць далонямі па спіне, каб з рэбраў павыляталі кулі. Потым іх можна закапаць у зямлю і, мабыць, нават вырасце штось вартае: чалавечая кроў раз’ядае нават самы жорсткі метал і дае парасткі, зялёныя і нясмела-гнуткія, з якіх потым вырастаюць цудоўныя дубы і хвоі.

На Лукішках цяпер — нябачная каплічка ля нябачных могілак, дзе ніколі не пахне па-царкоўнаму, але дзе заўсёды спяваюць. Пэўна, сто з чымсьці гадоў таму ссівелы ад гора могілкавы Чаргавы дужа ўжо панаплакаўся: бачыце, не ўпільнаваў. А ён жа такі мілы дзядок: ссохлы ўвесь, як прыдарожная сасна, з учэпістымі кашчавымі рукамі, пабітымі раматусам нагамі. Учэпістыя рукі — каб гнаць смерць. Раматусныя ногі — каб даваць смерці па карку, калі яна, нахабніца, будзе лезці надта ўжо бессаромна.

Панаплакаўся сівенькі Чаргавы: збіраючы рассыпаныя, бы пацеркі, кулі, з хрустам у спіне згінаючыся, каб узняць шматок матузка ці эшафоцкую шчэпку — плакаў і плакаў, выціраючы слёзы поламі шэрай апранахі, выстаўляючы на ўвесь свет свае скручаныя горам і раматусам ногі.

Цяклі слёзы з доўгіх сівых вусаў:

"Панна Марыя, Езус Хрыстус! А палеглі, галубочкі, як той скошаны аер! А не ўпільнаваў! А Божа ж літасцівы!"

Скошаны аер — а мо і заўчасна сарваныя кветкі.

Пасля смерці не баліць у грудзёх.
Пасля смерці маладыя нябожчыкі могуць сядзець на фундаменце роднай хаты і павольна паліць самакруткі, з невымоўнай тугой пазіраючы на ліпу, якую калісьці садзіў пад вокнамі бацька.

Гэтая ліпа — непражытае жыццё, якое буяе і квітнее там, дзе ўжо нікога няма.

У кішэні старамодных нагавіцаў  зазвіняць скрываўленыя кулі: такая ўжо завялася традыцыя — пакідаць па адной кулі, каб абмяняцца на які час з тым ці іншым сябрам. На знак таго, што калісь вы добра падурылі галаву ды папсавалі кроў вусатым чыноўнікам з брыдзенькім маскоўскім вымаўленнем.

У іншай кішэні намацаецца сам сабою шматочак пянькі, які таксама адзін сябар пакінуў на памяць нават назаўсёды. Гэты хлопец быў самы шчодры: усе разам пад агульны рогат дзялілі ягоную матузку, пужаючы недалікатнымі жартамі ўсялякіх істотаў, аблепленых гожымі пёрамі і здзіўленымі вачамі. І  кожны з былых сяброў атрымаў па кавалачку.

І зямля атрымала кавалачак: прарасцілі нават нейкі пахучы куст півоняў, якія весела было кідаць прама з неба пад ногі самым розным красуням.

Самакрутка дакурваецца. Журботныя ўздыхі патроху сканчаюцца, бо за сто з гакам гадоў ужо няма як уздыхаць: праз дзіркі ў грудзях і так зашмат паветра сыходзіць, куды яшчэ марнаваць. Усё па строгім рэгламенце.

Нябожчык уздымаецца, паволі размінаючы рукі і ногі: спяшацца ўжо няма куды. Наспяшаўся.

Пакруціць галавой, выглядаючы кагосьці ўдалечыні. Там, у узнятым чыёйсьці таксоўкай дарожным пыле, неўзабаве з'явіцца далёкая і цьмяная постаць немаладой жанчыны з маленечкім пісклявым скруткам, пяшчотна прыгорнутым да грудзей. Жанчына прыветна махне рукой:

"Доўга сядзець будзеш, браце? Гарбата прастыне..."

І апошні раз празвіняць кулі ў кішэні старамодных нагавіц.
#верш
#вікця_жытнік

гэта ноч
гэта сакавік
гэта месяц ва ўсім вінаваты
ты да вуснаў маіх прынік
так прагна
і так упарта
я не бачу тваіх вачэй
а ты бачыш мае
трывожныя?
я прыкрыю іх
так лягчэй
ноч
нашто ж ты мяне
растрыножыла